Адамсіт 1/564

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМСІ́Т,

дыгідрафенарсазінхларыд, HN(C6H4)2AsCl, гетэрацыклічнае злучэнне мыш’яку. Атрутнае рэчыва слёзатачывага дзеяння. Жоўтыя крышталі, tпл 195 °C. Лятучы, нерастваральны ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў, хімічна ўстойлівы. Як хім. зброя ўпершыню выкарыстаны ў 1-ю сусв. вайну.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь мыш’як — вуглярод (As—C). Сінтэзаваны ў 1760 Л.Кадэ дэ Гасікурам.

Найпрасцейшыя М.з. — арганаарсіны з агульнай ф-лай RnAsH3-n (R — арган. радыкал, n=1—3) — вадкасці (метыларсін CH3AsH2 — газ), раствараюцца ў арган. растваральніках, устойлівыя пры награванні. З інш. М.з. найб. даследаваныя алкіл- і арыларсонавыя к-ты агульнай ф-лы RAs(O)(OH)2, крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе і этаноле. Выкарыстоўваюць М.з. як лек. сродкі (напр., асарсол 3-ацэтаміна-4-гідроксіфенілорсонавая к-та процісіфілісны сродак), рэагенты ў аналіт. хіміі. Многія М.з. і іх вытворныя атрутныя рэчывы (напр., адамсіт, люізіт).

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)