АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),

род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.

Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.

Агуці.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́ТЫЯ ЗА́ЙЦЫ,

гл. Агуці.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.В.Рабаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т.л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)