ЗВЫ́ЧАЙ,

гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.

Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯПО́НСКАЕ ПІСЬМО́,

змешанае ідэаграфічна-сілабічнае пісьмо, у якім спалучаюцца іерогліфы і складовыя знакі (т.зв. кана). Выкарыстоўваецца для запісу тэкстаў на японскай мове. Склалася ў 6—7 ст. на аснове кітайскага пісьма. У 9 ст. з-за змен у напісанні іерогліфаў утварылася некалькі розных графічных сістэм, з якіх пашырыліся 2 — катакана (скарочаныя іерогліфы ва ўстаўным напісанні) і хірагана (поўныя скарапісныя іерогліфы), іх знакі паводле сэнсу эквівалентныя. З 19 ст. агульнапрыняты спосаб змешанага пісьма, калі асновы знамянальных слоў пішуцца іерогліфамі, а службовыя словы і афіксы — хіраганай; новыя запазычанні пішуцца пераважна катаканай. У 1946 колькасць іерогліфаў скарочана да 1850, пазней павялічана да 1945. Кірунак пісьма зверху ўніз і справа налева. Японская лацінка, якая існуе з 19 ст., мала пашырана. Стараж. пісьмовыя помнікі з 8 ст. («Кодзікі», 712; «Ніхон-сёкі», 720).

Літ.:

Сыромятников Н.А. Древнеяпонский язык. М., 1972;

Фельдман-Конрад Н.И. Японско-русский учебный словарь иероглифов. 2 изд. М., 1977.

Да арт. Японскае пісьмо. Японскі алфавіт.

т. 18, кн. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.

А.​А.​Скарына.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)