Агрыпа 1/85; 9/553

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІПСА́НІЙ Агрыпа Марк, гл. Агрыпа Марк Віпсаній.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСА́К ((Barsacq) Андрэ) (24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),

французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.​Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

назва дзвюх стараж.-яўр. дзяржаў у Паўд. Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал. рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч. тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.

Літ.:

Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991;

Яго ж. Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)