АГРЫ́КАЛА (Agricola) Георг [сапр. Баўэр (Bauer); 24.3.1494, г. Глаўхаў, Германія — 21.11.1555], нямецкі вучоны ў галіне горнай справы і мінералогіі. Д-р медыцыны. На аснове даследаванняў прац антычных вучоных па геалогіі і горнай справе, уласных назіранняў абагульніў і сістэматызаваў вопыт горна-металург. вытв-сці. Навукова абгрунтаваў асновы пошуку і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, падземнай распрацоўкі рудаў і іх абагачэння, металургіі, прабірнага майстэрства. Апісаў 20 новых мінералаў, прапанаваў метады вызначэння іх па вонкавых прыкметах. Вывучаў лекавыя ўласцівасці металаў і мінералаў.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́КАЛА ((Agricola) Мікаэль) (сапр. Сіманс; каля 1508—10, г. Перная, Фінляндыя — 9.4.1557),

пачынальнік Рэфармацыі ў Фінляндыі, роданачальнік фінскай л-ры і літ. мовы. У 1536—39 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це ў ням. дзеячаў Рэфармацыі Лютэра і Меланхтана. Першы пратэстанцкі лютэранскі епіскап у Фінляндыі (з 1554 епархія Аба). Выдаў першы буквар фін. мовы (1542), пераклады на фін. мову малітоўнікаў, Новага Запавету (1548), часткі Старога Запавету (1551—52) з вершаванымі прадмовамі, нарысамі па гісторыі, культуры, язычніцкіх вераваннях Фінляндыі, календаром і агранамічнымі звесткамі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Агрыкала М. 10/599, 602

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад гідра... + геалогія),

навука аб падземных водах, іх саставе, уласцівасцях, фарміраванні, пашырэнні, руху, узаемадзеянні з горнымі пародамі і паверхневымі водамі. Распрацоўвае метады вызначэння гідрагеал. параметраў ваданосных гарызонтаў, пошуку і разведкі радовішчаў падземных вод, ажыццяўляе ацэнку запасаў і рэсурсаў падземных вод рэгіёнаў, краіны, вывучае рэжым і баланс падземных вод, даследуе гідраўлічную сувязь паверхневых і падземных вод, водаабмен паміж ваданоснымі гарызонтамі і комплексамі, прагназуе змены гідралагічных умоў тэрыторыі пад уздзеяннем меліярацыі, водазабораў падземных вод і інш.

Першыя звесткі аб паходжанні і ўласцівасцях прыродных вод адносяцца да 1-га тыс. да н. э. (Стараж. Грэцыя — Фалес, Арыстоцель, Стараж. Рым — Лукрэцый). У эпоху Адраджэння і пазней у Зах. Еўропе падземныя воды вывучалі Г.​Агрыкала, Б.​Палісі, Н.​Стэна і інш.; у Расіі — М.​В.​Ламаносаў, В.​М.​Севяргін. Да сярэдзіны 19 ст. вучэнне аб падземных водах было часткай геалогіі. Як самаст. навука гідрагеалогія сфарміравалася ў канцы 19 ст. У развіццё гідрагеалогіі значны ўклад зрабілі А.​Дарсі, Ж.​Дзюпюі, А.​Шэзі (Францыя), Э.​Прынц, К.​Кайльгак, Г.​Гёфер (Германія), А.​Хазен, Ч.​Сліхтэр, О.​Мейнцэр (ЗША), А.​П.​Карпінскі, С.​М.​Нікіцін, І.​В.​Мушкетаў (Расія) і інш.

На Беларусі комплексныя гідрагеал. даследаванні арганізаваны ў 1928 (у бас. р. Свіслач), у выніку якіх выяўлены крыніцы водазабеспячэння г. Мінск. У 1929—35 дзейнічаў Ін-т геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 сектар гідрагеалогіі і інж. геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1938 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. Пасля Вял. Айч. вайны складзены кадастр падземных вод, дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал., з 1970 гідрагеал. здымка. Рэжым, т-ру і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Г.​В.​Багамолаў, М.​Ф.​Казлоў, А.​В.​Кудзельскі), у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (А.​П.​Лаўроў, С.​П.​Гудак), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)