А́ГРА...

(ад грэч. agros поле),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «агранамічны», напр., аграбіяцэноз, аграномія.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГРА,

горад у Паўн. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, порт на р. Джамна. 899 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. Раёна. Гарбарна-абутковая, тэкст. (баваўняная), харч., папяровая, шкларобная, эл.-тэхн. прам-сць. Саматужныя промыслы (ручное ткацтва, разьба па камені).

У Агры створаны выдатныя ўзоры магольскай архітэктуры Індыі: крэпасць Агра-форт (1564—70; чырв. пясчанік) з палацам Джахангіры-Махал (1570), «Жамчужнай мячэццю» (1646—53; белы мармур), заламі Дывані-Ам (пачаты ў 1627) і Дывані-Кхас (1637); маўзалей Тадж-Махал; Саборная мячэць (1648); грабніца Ітымад-уд-Даула (1622—28; белы мармур з інкрустацыяй). За 9 км ад Агры ў Сікандры маўзалей Акбара (1612—13); за 37 км унікальны помнік інд. горадабудаўніцтва Фатыхпур-Сікры (рэзідэнцыя Акбара, 1569—84). Агра — цэнтр нар. разьбы і інкрустацыі па мармуры. Сучасная частка Агры забудавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. У Агры ун-т (1927), Тадж-музеум з археал. калекцыямі, спец. б-ка прац Гандзі.

Літ.:

Math K. Agra and its monumental glory. Bombay, 1977.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАБІЯЦЭНО́З,

аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЭКАЛО́ГІЯ

(ад агра... + экалогія),

сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАМЕТЭАРАЛО́ГІЯ

(ад агра... + метэаралогія),

сельскагаспадарчая метэаралогія, навука, якая вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што маюць значэнне для сельскай гаспадаркі. Амаль не адмежавана ад агракліматалогіі (вывучае клімат як фактар с.-г. вытв-сці). Задачы аграметэаралогіі: вывучэнне заканамернасцяў фарміравання метэаралагічных і кліматычных умоў с.-г. вытв-сці, мікраклімату палёў; распрацоўка метадаў колькаснай ацэнкі ўплыву метэаралаг. фактараў на рост і фарміраванне ўраджаю, на развіццё шкоднікаў і хвароб с.-г. культур; абгрунтаванне эфектыўных мер па пераадоленні неспрыяльных і небяспечных для сельскай гаспадаркі гідраметэаралагічных з’яў; агракліматычнае абгрунтаванне прыёмаў меліярацыі; распрацоўка метадаў аграметэаралагічных прагнозаў; с.-г. ацэнка кліматычных рэсурсаў тэрыторыі і інш. На Беларусі рэгулярныя аграметэаралагічныя назіранні праводзяцца з 1921; у 1995 — на 48 метэастанцыях, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях. На аснове шматгадовых назіранняў падрыхтаваны агракліматычныя даведнікі (выд. 1958, 1970, 1985).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАФІ́ЗІКА

(ад агра... + фізіка),

агранамічная фізіка, навука пра фіз. працэсы ў глебе і раслінах, выкарыстанне метадаў і сродкаў рэгулявання фіз. умоў жыцця с.-г. культур для павышэння іх прадукцыйнасці. Сфарміравалася ў пач. 20 ст. Станаўленне аграфізікі звязана з імёнамі Э.Расела, А.Ф.Іофе, Дз.М.Пранішнікава, М.А.Качынскага і інш. Развіваецца на аснове аграноміі і фізікі. Уключае: фізіку глебы і прыземнага слоя паветра, святлокультуру раслін, спосабы і сродкі рэгулявання вонкавых умоў жыцця раслін. На Беларусі праблемы аграфізікі вывучаюцца ў н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Даследуюцца водна-фіз. і цеплавыя ўласцівасці, водна-паветраны рэжым, водны і цеплавы балансы глебаў, вільгацезабяспечанасць с.-г. і лясных культур, змена фактараў урадлівасці глебы пад уплывам меліярацыі і інтэнсіўнага земляробства, спосабы аптымізацыі фіз. умоў вырошчвання с.-г. культур, уздзеянне ўмоў навакольнага асяроддзя на працэс фотасінтэзу (С.Г.Скарапанаў, В.Ф.Шабека, К.П.Лундзін, Р.І.Афанасік, Л.П.Смаляк, У.Л.Калер, М.І.Афанасьеў). Вынікі даследаванняў з’яўляюцца тэарэт. асновай гідратэхн. меліярацыі і апрацоўкі глебаў, павышэння прадукцыйнасці раслін, выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы.

Літ.:

Растворова О.Г. Физика почв. Л., 1983;

Агрофизические свойства почв и их регулирование в условиях интенсивного земледелия. Саранск, 1989.

М.І.Афанасьеў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ

(ад агра... + лес + меліярацыя),

тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б. СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.

Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.В.Дакучаева, А.І.Ваейкава, Г.М.Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.Ф.Марозаў, М.С.Несцераў, М.І.Сус, А.С.Казменка, А.Р.Мядзведзеў, І.К.Якушэнка, А.І.Саўчанка, В.К.Паджараў і інш.

Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.

Літ.:

Агролесомелиорация. 3 изд. М., 1966;

Орловский В.Б., Поджаров В.К., Воробьёв В.Н. Защитное лесоразведение в Белоруссии: (Справ. пособие). Мн., 1980.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАТЭ́ХНІКА

(ад агра... + тэхніка),

сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).

Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл. Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.

На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл. Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;

Моргун Ф.Т., Шикула Н.К., Тарарико А.Г. Почвозащитное земледелие. 2 изд. Киев, 1988;

Механизация обработки почвы и посева при интенсивных технологиях возделывания сельскохозяйственных культур. Горки, 1993.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНО́МІЯ

(ад агра... + грэч. nomos закон),

комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.

Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш. с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.

Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г. н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г. ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.

Літ.:

Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;

Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАХІ́МІЯ

(ад агра... + хімія),

агранамічная хімія, навука пра хім. працэсы ў глебе і раслінах, жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і сродкаў хім. меліярацыі глебаў; аснова хімізацыі сельскай гаспадаркі. Грунтуецца на дасягненнях аграноміі і хіміі.

Пачала фарміравацца ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Адзін з заснавальнікаў аграхіміі франц. вучоны Ж.Бусенго. Развіццё ў Расіі звязана з працамі М.І.Афоніна, А.Ц.Болатава, А.А.Нартава, М.Г.Паўлава і інш., у замежжы — шведскага хіміка І.Валерыуса, ням. Ю.Лібіха і А.Тэера. У галіне аграхіміі працавалі Дз.І.Мендзялееў (першыя доследы па вывучэнні эфектыўнасці ўгнаенняў), К.А.Ціміразеў, П.А.Костычаў, Дз.М.Пранішнікаў (заснавальнік аграхім. школы; распрацаваў тэорыю азотнага жыўлення раслін, навук. асновы фасфарытавання глеб) і інш. Вынікі аграхім. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы пытанняў аховы земляў, ажыццяўленні папераджальных мер барацьбы з забруджваннем глебы.

На Беларусі першыя аграхім. даследаванні праведзены ў Горы-Горацкай земляробчай школе (вывучэнне эфектыўнасці гною), на Беняконскай с.-г. (выкарыстанне лубіну на зялёнае ўгнаенне) і Мінскай балотнай (дзеянне ўгнаенняў на тарфяных глебах) доследных станцыях. Як самаст. навука развіваецца з 1920-х г.: распрацоўка асноў вапнавання глебаў і вывучэнне дзеяння ўгнаенняў на розных глебах і культурах (А.К.Кедраў-Зіхман, Р.І.Пратасеня, І.Р.Уласенка, І.К.Шпілеўскі, В.І.Штэмпель, В.С.Рубанаў, У.М.Пілько, Р.Т.Вільдфлуш, З.П.Ганчарова, Б.Б.Бельскі), распрацоўка рацыянальных спосабаў выкарыстання сідэратаў (Я.К.Аляксееў) і торфу як угнаення. Н.-д. работа па праблемах аграхіміі вядзецца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, які стаў метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай і геагр. сеткай доследаў з угнаеннямі, а таксама ў н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, пладаводства, агародніцтва, бульбы, Бел. с.-г. акадэміі, Гродзенскім с.-г. ін-це, аддзелах аграхіміі абл. доследных станцый. Распрацаваны тэарэт. асновы і спосабы выкарыстання ўгнаенняў пад запланаваны ўраджай з улікам уласцівасцяў глебаў і біял. асаблівасцяў культур. Вывучаецца аграхімія глебаў і жыўлення раслін з дапамогай мечаных атамаў (С.Н.Іваноў). Складаюцца дэталёвыя планы выкарыстання ўгнаенняў для палёў і культур кожнай гаспадаркі рэспублікі, размяркоўваюцца фонды мінер. угнаенняў і вапны, робяцца прагнозы ўраджайнасці с.-г. культур, разлікі планавай і фактычнай акупнасці ўгнаенняў (Т.Н.Кулакоўская, І.М.Багдзевіч, Л.П.Дзяткоўская, Р.У.Васілюк). З 1980-х г. роля аграхіміі ў рашэнні праблем сельскай гаспадаркі нязмерна вырасла. Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур у многім базіруюцца на рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і інш. хім. сродкаў, што патрабуе распрацоўкі аптымальных рэжымаў жыўлення раслін, новых формаў угнаенняў і спосабаў іх прымянення.

Літ.:

Новое в повышении плодородия почв. Мн., 1988;

Агрохимическая характеристика почв сельскохозяйственных угодий Республики Беларусь. Ч. 1—2. Мн., 1992.

П.І.Шкурынаў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)