Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы бел.нар. майстроў з вёсак Агова, Опаль, Іванаўскага, Крамно, Заверша, Хомск Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. Промысел узнік у пач. 20 ст., найб. росквіту дасягнуў у 1950-я г. Паводле канструкцыі агоўскія куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам 60 × 110 × 80 см з пукатым векам, на 4 метал. ці драўляных колцах, з 2 ручкамі на баках.
У пач. 20 ст. іх фарбавалі ў адзін колер, акоўвалі палосамі бляхі. У 1920—30-я г. размалёўвалі ў розныя колеры. Палосамі фляндроўкі, што замяніла старадаўнюю акоўку, плоскасць куфра падзялялася на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняліся расліннымі, геам. і зааморфнымі кампазіцыямі. Характар дэкору аналагічны інш. відам мясц. размалёўкі (гл.Агоўская размалёўка) ці аздабленню адзення, ручнікоў, дываноў. Традыцыйна існавала раздзяленне вытв. працэсаў: мужчыны выконвалі сталярныя і кавальскія работы, жанчыны — размалёўку. Промысел заняпаў у пач. 1960-х г., у 1970-я г. адроджаны (у 1978 у в. Агова створаны філіял Брэсцкай ф-кі сувеніраў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Агоўскія куфры. Куфар. Размалёўка Т. Доўгер. 1950-я г. Вёска Агова Іванаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
від бел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ФАР, скрыня,
драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел.сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г.вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).
Я.М.Сахута, А.Ю.Лозка.
Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАЛЁЎКАдэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл.Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл.Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст. від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл.Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.
Літ.:
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.Да арт.Размалёўка. П.Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.Да арт.Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.Да арт.Размалёўка. І.Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.Да арт.Размалёўка. А.Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.Да арт.Размалёўка. Дз.Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.Да арт.Размалёўка. Я.Драздовіч. Дыван 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.