ГРЭСЬ (Аляксандр Яўхімавіч) (н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.І.Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.С.Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.С.Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар. прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.