«АЛТА́ЙСКІ ТРА́КТАР»,

адзін з буйнейшых трактарных з-даў Расійскай Федэрацыі. Пабудаваны ў 1942—43 у г. Рубцоўск (Алтайскі край) на базе эвакуіраванага Харкаўскага трактарнага з-да як Алтайскі трактарны з-д. Выпускае гусенічныя трактары, спецыялізуецца на трактарах с.-г. агульнага прызначэння, цяглавых 3—5-га класаў (магутнасцю 110—170 к.с.), лесапрамысловых (тралёвачных), малагабарытных і агрэгатах, дэталях, вузлах да трактароў. Сярод перспектыўнай прадукцыі — трактар Т-250 з рухавіком 250 к.с. і садова-агародны малагабарытны МТ-10.

С.А.Казак-Антаневіч.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.

Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́Т (Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЗЯ́К (Cirsium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.

Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. Расліны.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. ДруцкімГорскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)