АВІ́СКІ О́РДЭН,

партугальскі духоўна-рыцарскі ордэн. Існаваў у 1162—1789. Утвораны з вайск. арг-цыі, заснаванай у 1147 ці 1148 для барацьбы з маўрамі. Партуг. кароль Альфонс І у 1162 ці 1166 падараваў ордэну крэпасць Авіс (адсюль назва). Авіскі ордэн адыграў значную ролю ў гісторыі Рэканкісты ў Партугаліі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС I,

Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185), першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл. Авіскі ордэн).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)