ДАДЭКАФО́НІЯ

(ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т.л. бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.Г.Мдывані.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія,

Дунайская манархія, дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»), ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф І і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)