АГНО́Н

(Agnon; сапр. Чачке) Шмуэль Іосеф (17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),

ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,

помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел. рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЁЎСКІ

(Beniowski) Маўрыцы Аўгуст (1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),

польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.

Літ.:

Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;

Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;

Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;

Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)