АВАГА́ДРА (Avogadro) Амедэо

(9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),

італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл. Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз. Авагадра пастаянная.

Літ.:

Быков Г.В. Амедео Авогадро. М., 1970.

А.Авагадра.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Авагадра А. 1/57

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Авагадра лік 1/57

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Авагадра закон 1/57; 6/7; 10/579 (табл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АВАГА́ДРА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных; колькасць часціц (атамаў, малекул і інш.) у адзінцы колькасці рэчыва. Пазначаецца Na. Назва ў гонар А.Авагадра. Авагадра пастаянная істотная для вызначэння інш. фіз. пастаянных. Na = 6,022169 (40)∙10​23 моль​-1.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10​-3 м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)·10​-23 Дж/К.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,

два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T - T0 — рознасць гэтых т-р; αvкаэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К-1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)