ПРАДУ́КТ ПРА́ЦЫ (ад лац. productus зроблены, створаны),

рэчавы або нематэрыяльны вынік працоўнай дзейнасці для задавальнення грамадскіх ці асабістых патрэбнасцей. Ўключае ў сябе навук. і вытв.-тэхн. распрацоўкі, тавары нар. ўжытку, аб’екты буд-ва. Кожны П.п. характарызуецца здольнасцю задавальняць якую-н. патрэбнасць і ўвасабленнем патрачанай на яго грамадскай працы. Сукупнасць карысных уласцівасцей П.п. ператварае яго ў спажывецкую вартасць. Гэта датычыцца натуральна-рэчавага боку П.п. З грамадскага боку П.п. ўвасабляе пэўную колькасць патрачанай працы ў розных сферах і галінах грамадскай вытв-сці і паказвае, у што абыходзіцца атрыманне спажывецкай вартасці, таксама кошт затрат для задавальнення пэўнай патрэбнасці людзей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),

2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.

Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Марскія жалуды.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЫКС (Oryx gazella),

сернабык, парнакапытная жывёла сям. пустарогіх. 1 від, 3 падвіды (часта лічаць відамі). Пашыраны ў Афрыцы, на Пд Аравійскага п-ва і Сінайскім п-ве, у Іраку, Сірыі. О. белы, або аравійскі (O.g. leucoryx), акліматызаваны ў ЗША. Жывуць у стэпах, паўпустынях і пустынях парамі, невял. групамі, часам утвараюць статкі. Падвіды О. белы і О. шаблярогі, або шаблярогая антылопа (O.g. dammah, або O.g. tao), занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 2,35 м, выш. ў карку да 1,4 м, Maca да 200 кг. Самцы і самкі маюць доўгія (да 1,2 м) прамыя або дугападобныя рогі з вострымі канцамі. Афарбоўка цела шэра-пясочная, з рэзка акрэсленымі цёмнымі меткамі. Расліннаедныя. Здольныя доўгі час абыходзіцца без вады Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Аб’ект палявання і прыручэння.

А.​М.​Петрыкаў.

Орыкс шаблярогі.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДЫ (Camelus),

род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.

Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.

Вярблюды: аднагорбы (драмедар; злева); двухгорбы (бактрыян).

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)