контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.
2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх.праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.
3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл.Контур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НТУР (франц. contour),
абрыс у выяўленчым мастацтве, лінія, якая абводзіць форму прадмета (фігуры); сродак маст. выразнасці твора. У малюнку К. — сукупнасць ліній, якія акрэсліваюць найважнейшыя, пераважна знешнія, абрысы выявы. Характар К. цесна звязаны з сілуэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАРЫ́Т (франц. gabarit),
гранічны знешні абрыс (контур) прадмета, збудавання ці ўстройства. З улікам габарыту рухомага саставу вядзецца праектаванне мастоў, ліній электраперадач і сувязі, інш. збудаванняў.
На чыгунцы адрозніваюць габарыт рухомага саставу (лакаматыва, вагона) і габарыт набліжэння збудавання да чыг. пуці (абрыс прасторы ўздоўж пуці). На рачным транспарце — габарыт судна і габарыт падмаставы (контур свабоднай прасторы пад мостам). На аўтадарогах устанаўліваюць габарыт набліжэння канструкцый мастоў — гранічны папярочны контур, унутр якога не павінны заходзіць элементы збудавання або размешчаных на ім прыстасаванняў. Габарытныя абмежаванні аўтамабіля: даўжыні — 12 м (аўтапоезда 24 м), шырыні — 2,5 м, вышыні — 3,8 м (для аўтамабіляў з буйнатанажнымі кантэйнерамі 4 м).
Да арт.Габарыт. Габарытныя абмежаванні: 1 — даўжыні цягача з паўпрычэпам; 2 — шырыні і вышыні аўтамабіля; 3 — даўжыні аўтамабіля з двума прычэпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),
словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФЕ́МА (ад грэч. graphē абрыс, контур),
мінімальная структурная адзінка пісьмовай мовы, якая адпавядае фанеме ў вуснай мове. Знаходзіць выражэнне ў літарах і выступае ў розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове або сказе. Гэтыя варыянты або літары (вялікія і радковыя, прамыя і курсіўныя) называюць алографамі адной і той жа графемы. Сістэма графемы пэўнага пісьменства ўтварае алфавіт гэтага пісьменства. Тэрмін «графема» ўведзены І.А.Бадуэнам дэ Куртэнэ ў 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),
1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл.Вязь).
2) Спалучанае напісанне двух (гл.Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.
3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A і E).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,
бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,
помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.І.Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬТАПЛА́Н (ад дэльта + план),
балансірны планёр з гнуткім (мяккім) крылом трохвугольнай (дэльта- або трапецападобнай) формы. Мае трубчасты каркас (звычайна з дзюралюмінію), тросавыя расцяжкі і нясучую паверхню — крыло (з дакрону або лаўсану). Выкарыстоўваецца ў дэльтапланёрным спорце.
Пілот прывязваецца да Д. рамянямі. Узлёт адбываецца ў выніку разбегу з высокага месца, кіраванне палётам — зменай паставы цела з дапамогай ручкі-трапецыі. Абрыс Д. даў Леанарда да Вінчы, патэнт на Д. атрымаў Ф.Рагала ў 1951 (ЗША). Першыя палёты адбыліся ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. у ЗША, Аўстраліі, СССР і інш. Створаны Д. «Славуціч» (Кіеў), «Сокал» (Ленінград), «Масквіч» (Масква) і інш.Найб. зафіксаваная працягласць палёту на Д. 28 гадз, далёкасць — каля 165 км (1979).