Маслаў Абрахам Харалд

т. 10, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУ́ Абрахам Антоній, архітэктар 18 ст. Інспектар па буд-ве ў князёў Агінскіх. У Беларусі пабудаваў палац у в. Ганута (цяпер Ручыца, Вілейскі р-н; 1760—70-я г.), стварыў Лявонпальскую сядзібу.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МАРТ ((Bloemaert) Абрахам) (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),

галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРФЕЛЬД ((Westerfeldt) Абрахам ван) (? — 24 ці 30.4.1692),

галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла: «Уступленне князя Я.Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́ЛІЙ (Ortelius, Oertel) Абрахам (4.4.1527, Антверпен — 28.6.1598), фламандскі картограф і выдавец, адзін з заснавальнікаў картаграфічнай навукі. Каля 1547 заснаваў уласную фірму. Выдаў зб. «Агляд шара зямнога» («Theatrum orbis terrarum». Антверпен, 1570), які фактычна стаў першым геагр. атласам, змяшчаў 53 карты асобных краін з дэталёвымі апісаннямі (у т. л. бел. зямель), бібліягр. даведкі на 87 картографаў. «Агляд...» неаднаразова дапаўняўся і перавыдаваўся ў 17 — пач. 18 ст. У 1592 адкрыў у сваім антверпенскім доме музей, да канца жыцця займаўся гісторыка-геагр. даследаваннямі.

Л.Р.Казлоў.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КСМАН ((Waksman) Зельман Абрахам) (22.7.1888, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.8.1973),

амерыканскі мікрабіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Д-р філасофіі (1918), праф. (1930). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Сан-Францыска (1918). У 1918—58 у Роджэрскім ун-це, адначасова з 1931 у Ін-це акіянаграфіі ў г. Вудс-Хол, у 1949—58 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі Роджэрскага ун-та. Навук. працы па глебавай і марской мікрабіялогіі, вывучэнні антыбіётыкаў. Увёў тэрміны «антыбіёз» і «антыбіётык». Вынайшаў стрэптаміцын (1944). Нобелеўская прэмія 1952.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУА́ЎР ((Moivre) Абрахам дэ) (26.5.1667, г. Вітры-ле-Франсуа, Францыя — 27.9.1754),

англійскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1697). Вучыўся ў Сарбоне. Навук. працы па алгебры, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. Знайшоў правілы ўзвядзення ў п-ю ступень і здабывання кораня n-й ступені з камплекснага ліку (гл. Муаўра формула). Незалежна ад шатл. матэматыка Дж.Стырлінга атрымаў формулу для вылічэння п! (гл. Стырлінга формула). Даказаў прыватны выпадак тэарэмы Лапласа.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙКЕЛЬСАН, Майкелсан (Michelson) Альберт Абрахам (19.12.1852, г. Стшэльна, Польшча — 9.5.1931), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1882). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1873), дзе працаваў у 1875—79. У 1883—1929 у розных ВНУ ЗША. У 1923—27 прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па оптыцы і спектраскапіі. Сканструяваў дакладныя спектраскапічныя прылады (інтэрферометр М., эшалон М.), выканаў шэраг эксперыментаў па вызначэниі скорасці святла і залежнасці яе ад руху Зямлі (гл. Майкельсана дослед). Правёў дакладнае вызначэнне даўжыні метра ў даўжынях хваль чырвонай спектральнай лініі кадмію, сканструяваў зорны інтэрферометр для вызначэння вуглавых дыяметраў зорак. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Джефф Б. Майкельсон и скорость света: Пер. с англ. М., 1963.

А.А.Майкельсан.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)