Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі ад Абрагама Ёзафавіча (п. У 1519), які нарадзіўся ў сям’і гандляра-яўрэя, пазней прыняў хрысціянства. За паслугі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту I атрымаў шляхецтва. Займаў пасады гараднічага (1495) і старосты ковенскага (1514), старосты салецкага, войта менскага і берасцейскага, падскарбія земскага (1510—19). Валодаў маёнткамі Вайдуны (Віленскі пав.) і Грынкава (Гарадзенскі пав.). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, п. у 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:
Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Абрагамовічы, гл.Абрамовічы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯЛІ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л.Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.