НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),

Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.

Схема ультрагукавой абразіўна-імпульснай апрацоўкі: 1 — інструмент; 2 — абразіў; 3 — загатоўка.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НІК, пескавік,

асадкавая горная парода з зерняў пяску, сцэментаваных гліністым, карбанатным, крамяністым, жалезістым і інш. матэрыялам. Паводле памераў зерняў і мінер. саставу вылучаюць тыя ж разнавіднасці, што і сярод пяскоў. Вылучаюць таксама аркозы, граўвакі (П. з мінералаў і абломкаў асн. вывергнутых парод, пераважна эфузіўных) і туфагенныя П. (утрымліваюць піракластычны матэрыял да 50%). Паводле ступені звязанасці вылучаюць П. слаба-, сярэдне- і моцнасцэментаваныя. Шчыльнасць 2,25—2,67 г/см³, порыстасць 0,69—6,7%, мяжа трываласці на сцісканне 30—266 МПа. Пры метамарфізме П. пераўтвараецца ў кварцыт. Шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве (вытв-сць друзу, жвіру; як бутавы камень, сценавы і абліцовачны матэрыял), як абразіў. Кварцавы П. ідзе на выраб вогнетрывалай дынасавай цэглы, шкла, кіслотатрывалых матэрыялаў. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)