АБЛІВА́ННЕ,

лячэбна-прафілактычная водная працэдура для загартоўвання арганізма; назначаецца таксама ў пачатку водалячэння. Абліванне праводзяць 2—3 мін кожны дзень на працягу 4—6 тыдняў, паступова зніжаючы т-ру вады з 34—33 °C да 22—20 °C. Потым усё цела расціраюць сухой, лепш нагрэтай прасціной.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФУ́ЗІЯ (ад лац. perfusio абліванне, уліванне),

метад прапускання фізіял. раствораў, крыві, кровазаменных і інш. вадкасцей праз крывяносныя сасуды органа, ч. цела або ўсяго арганізма. Адрозніваюць П. органаў, цалкам вынятых з арганізма, і П. органаў, якія знаходзяцца ў арганізме, але ізаляваны ад яго сасудзістага рэчышча. Пашырана ў эксперым. фізіялогіі, дазваляе захоўваць пэўны час жыццядзейнасць органаў. Выкарыстоўваюць пры трансплантацыі; пры аперацыях на сэрцы робяць П. ўсяго арганізма. П. наз. таксама кровазабеспячэнне органаў цела ў натуральных умовах (напр., П. нырак, галаўнога мозга і інш.).

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,

вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл. Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)