Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве,
1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,
форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКРЫМІНАВА́ННЕ (ад лац. in у, унутры + crimen абвінавачанне, віна),
прад’яўленне абвінавачання ва ўчыненні якога-н. злачынства.
т. 7, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБВІНАВА́ЎЦА,
службовая асоба, якая падтрымлівае перад судом абвінавачанне па крымінальнай справе. У Рэспубліцы Беларусь, некаторых інш. краінах функцыі Дз.а. выконвае пракурор. Удзел Дз.а. ў суд. разборы спраў — адна з формаў пракурорскага нагляду за выкананнем законнасці. Парадак удзелу Дз.а. ў суд. разборы рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНАБІ́ЗМ (англ. snobbism),
погляды, манеры, паводзіны, уласцівыя снобам — прадстаўнікам арыстакратычнага кола, якія слепа прытрымліваюцца густаў, манер і моды вышэйшага свету, прэтэндуюць на вытанчанасць густу, на выключнае кола заняткаў, інтарэсаў і зняважліва ставяцца да ўсяго, што выходзіць па-за межы іх правіл і паводзін. Абвінавачанне каго-н. у С., як правіла, мае неадабральнае адценне.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНО́С заведама лжывы,
наўмыснае хлуслівае паведамленне органам улады пра злачынства, якое нібыта ўчынена або падрыхтоўваецца. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь адно са злачынстваў супраць правасуддзя. Абцяжваючымі адказнасць вінаватага ў Д. акалічнасцямі з’яўляюцца абвінавачанне ім абылганага ў асабліва небяспечным дзярж. або інш. цяжкім злачынстве ці спалучанае са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання, а таксама Д., зроблены з карыслівай мэтай.
т. 6, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,
палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНАЕ СУДАВО́ДСТВА, крымінальны працэс,
рэгламентаваная законам і ўвасобленая ў форму праваадносін дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда, зместам якой з’яўляецца ўзбуджэнне, расследаванне, суд. разгляд і вырашэнне крымін. спраў, а таксама выкананне прыгавораў. У крымін.-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь мае наступныя стадыі: узбуджэнне крымін. справы, папярэдняе расследаванне, адданне пад суд, судовы разбор, касацыйнае судаводства, выкананне прыгавору. У некат. выпадках крымін. справа праходзіць таксама дадатковыя стадыі: перагляд справы ў парадку суд. нагляду, аднаўленне справы па новаадкрытых акалічнасцях. Задачы К.с.: хуткае і поўнае раскрыццё злачынства, выяўленне і абвінавачанне злачынцы, забеспячэнне правільнага выкарыстання заканадаўства.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ФАЛЕЎ Леанід Мікалаевіч (21.9.1839, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія — 11.12.1905),
рускі паэт. Друкаваўся з 1857. Паслядоўнік М.Някрасава, развіваў дэмакр. і рэаліст. традыцыі рус. паэзіі. Асн. матывы творчасці — гаротнае становішча народа, абвінавачанне правячых класаў, вера ў вызваленне народа. Яго паэзіі ўласціва грамадзянскасць, публіцыстычнасць. Творчасць цесна звязана з фальклорам. Некат. яго вершы сталі нар. песнямі, у т. л. «Песня пра камарынскага мужыка». Зрабіў скарочаны пераклад вершаванай гутаркі У.Сыракомлі «Паштальён», які стаў папулярнай рус. нар. песняй «Ямшчык» («Калі я на пошце служыў ямшчыком...»). Перакладаў з зах.-еўрап. (Г.Гейнэ, Беранжэ і інш.), сербскай, укр., польскай паэзіі. Найб. значныя яго пераклады У.Сыракомлі.
Тв.:
Стихотворения. М.; Л., 1963.
Літ.:
Айзеншток И.Я. Поэт-демократ Л.Н.Трефолев. Ярославль, 1954.
т. 16, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)