ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,

абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд. ген. М.​І.​Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.​У.​Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.

Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм. камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд. ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.​Людэндорф). 18 кастр. рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс. чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 4, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч. нейра... + гармоны),

біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)