РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫЯ О́РГАНЫ,

спецыяльныя падраздзяленні, якія дзяржава стварае для ажыццяўлення разведвальнай дзейнасці; састаўная ч. разведвальнай суполкі і сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Прызначаны абараняць інтарэсы асобы, грамадства, дзяржавы ад знешніх пагроз з выкарыстаннем вызначаных заканадаўствам спец. метадаў і сродкаў.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА СУДО́ВАЯ,

сукупнасць працэсуальных гарантаваных законам дзеянняў, накіраваных на ахову правоў і інтарэсаў грамадзян. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судом праз дакладна рэгламентаваны парадак разгляду спраў, бакам даюцца аднолькавыя магчымасці ў працэсе. Грамадзяне маюць права абскарджваць у судзе неправамерныя дзеянні органаў дзярж. кіравання і службовых асоб, у касацыйным парадку суд. пастановы, абараняць сваю маёмасць і асобу і інш.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.​Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАК ВО́ІНСКІ,

абавязак грамадзян абараняць сваю Айчыну, навучацца ваен. справе і несці ваен. службу ў складзе ўзбр. сіл і інш. вайск, фарміраванняў. Замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992. Мае адносіны да грамадзян, органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый незалежна ад форм уласнасці і ўмоў гаспадарання. Абавязак воінскі не пашыраецца на замежных грамадзян, якія жывуць на тэр. Беларусі, і асоб без грамадзянства. Гл. таксама Воінская павіннасць.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Б.​Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРАНА́Ж,

форма папячыцельства, што ўстанаўліваецца над паўналетнім дзеяздольным грамадзянінам, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папячыцель (памочнік) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць прызначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна, Распараджэнне папячыцелем маёмасцю падапечнага ажыццяўляецца на аснове дагавора-даручэння або даверанага кіравання, заключанага з падапечным; ажыццяўленне здзелак па ўтрыманні і задавальненні быт. патрэб падапечнага, робіцца папячыцелем са згоды падапечнага. П. спыняецца па патрабаванні падапечнага.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д РАСЦІСЛА́ВІЧ (1140 — 23.4.1197),

князь наўгародскі, таржоцкі, віцебскі, вышгарадскі, смаленскі. Сын кіеўскага кн. Расціслава Мсціславіча. Княжыў у Ноўгарадзе ў 1154—55, Таржку ў 1158—60, Віцебску ў 1165—67. У 1167 вытрымаў аблогу менскага кн. Валадара Глебавіча і захапіў у палон шмат яго дружыннікаў. У 1168 княжыў у Вышгарадзе, у 1180—97 — у Смаленску, ваяваў з Полацкам. У 1180 дапамагаў кн. Глебу Рагвалодавічу абараняць Друцк. У 1195 ва ўладаннях Давыда Расціславіча адбылася бітва кааліцыі чарнігаўскіх князёў і палачан з кааліцыяй смаленскіх князёў.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНЕ́РАС, Канфедэрацыя іспанскіх камунерас,

тайная паліт. арг-цыя левага кірунку ў час ісп. рэвалюцыі 1820—23. Створана б. масонамі. Мела на мэце абараняць правы і дэмакр. свабоды ісп. народа, устаноўленыя паводле канстытуцыі 1812. К. не лічылі сябе рэспубліканцамі, аднак іх асн. прынцыпы (суверэнітэт народа, тэорыя і грамадскага дагавора) садзейнічалі пашырэнню рэсп. ідэй у Іспаніі. Восенню 1822 найб. радыкальныя К. патрабавалі звяржэння караля Фердынанда VII. У канцы 1822 найменш радыкальныя яе члены выйшлі з арг-цыі, якая падверглася праследаванням улад. Дзейнасць К. спынілася пасля аднаўлення ў Іспаніі абсалютнай манархіі (1823).

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія высяваюцца і даюць ураджай у прамежак часу, свабодны ад вырошчвання асн. культуры. Павялічваюць прадукцыйнасць угоддзяў у некалькі разоў, дазваляюць найб. поўна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы, абараняць глебу ад эрозіі. Уводзяць П.к. ў раёнах дастатковага ўвільгатнення.

Тыпы П.к.: пажніўныя — высяваюць пасля ўборкі асн. культуры (па ржышчы); паўкосныя — высяваюць пасля скошвання кармавых культур; падсяўныя — падсяваюць пад асн. культуру, зімуючыя — нарошчваюць зялёную масу ўвосень і ранняй вясной; раннія яравыя — высяваюць ранняй вясной да сяўбы асн. культуры (напр., радыска, салата, шпінат).

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)