А́БАНА-ТЭ́РМЕ (Ábano Terme),

бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, дзе адным з асн. лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоў Стараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.

Вядомыя еўрап. Гразевыя курорты: Паморые, Тузла, Шабла (Балгарыя), Хевіз (Венгрыя), Бад-Берка, Бад-Доберан, Бланкенбург, Бад-Дрыбург, Бад-Грунц (Германія), Буска-Здруй, Полчын-Здруй, Крыніца, Інавроцлаў, Цэхацынек (Польшча), Кавасна, Савата, Мангалія (Румынія), Спа (Бельгія), Абана-Тэрме, Аньяна-Тэрме, Сальсамаджорэ-Тэрме, Сірміёне (Італія), Дакс (Францыя), Ронебю (Швецыя), Кемеры (Латвія), Хаапсалу (Эстонія), Бірштанас, Друскінінкай (Літва), Адэса, Сакі, Салёны Ліман, Гопры (Украіна), Сольвычагодск, Старая Руса, Мацэста (Расія) і інш.

На Беларусі пашырэнню гразелячэння спрыяюць багатыя рэсурсы прыродных гразей з лек. ўласцівасцямі (тарфяныя, сапрапелевыя).

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,

помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».

Публ.: Рус. пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.​В.​Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)