Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́Б’Е,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка. Пл. 1,4 км². Даўж. 3,2 км, найб.шыр. 0,8 км, найб.глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы выш. да 4 м, парослыя лесам і хмызняком, на З разараныя. Берагі нізкія. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей укрыла сапрапелем, зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Дубра, Вялікая Ельня, Дуброк, з возера выцякае р. Абабіца. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ Е́ЛЬНЯ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,46 км², даўж. 1,35 км, найб.шыр. 570 км, найб.глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 2,22 км². Схілы катлавіны выш. 3—8 м (на Пн і Пд да 3 м), на З стромкія, парослыя хмызняком, на У спадзістыя, пад лугам. На Пн і Пд вузкія залівы. Берагі высокія, на З зліваюцца са схіламі. Уздоўж берага дно да глыб. 6 м пясчанае, глыбей глеістае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. 7—50 м. На Пн упадае ручай з воз. Малая Ельня, на У выцякае ручай у воз.Абаб’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БРА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Абабіца, за 17 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 1,06 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 710 м, найб.глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 19,3 км². Схілы катлавіны выш. да 3 м, пад лугам. Уздоўж паўн.-ўсх. берага парослая хваёвым лесам пясчаная озавая града выш. да 9 м. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя, тарфяністыя. 2 астравы агульнай пл. 0,7 га. Мелкаводдзе да глыб. 1 м (акрамя заліваў) пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м, залівы зараслі. Злучана пратокай з воз. Берца, на Пд сцёк па пратоцы ў воз.Абаб’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,
дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс.га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс.га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс.га (па 17%).
Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс.га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс.га), Бяльмонт (каля 12 тыс.га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.
На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.