АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,

свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТРЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

перадгорная раўніна на Пн Афганістана, на левабярэжжы р. Амудар’я. Даўж. каля 400 км, шыр. да 140 км, выш. 250—500 м. Пясчаныя і гліністыя пустыні; уздоўж Амудар’і — тугайныя зараснікі, лугі. Аазісы. Старажытны цэнтр арашальнага земляробства (бавоўнік, пшаніца, цукр. буракі, рыс).

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШТЫ-МАРГО́,

пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на З ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх. ч. Сахары. Пл. каля 2 млн. км². Паўн. ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд. ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́Р-ІФАРА́С (франц. Adrar des Iforas),

Іфарас, пустыннае пласкагор’е на Пд Сахары, пераважна ў Малі. Сярэднія выш. 700 м, найб. да 1000 м. Складзена са стараж. гранітаў. Уздоўж сухіх далін (уэдаў), якія праразаюць масіў, апустыненыя саванны з зараснікамі акацый, ксерафітных злакаў, на вяршынях — горныя пустыні. Рэдкія аазісы.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,

пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс. км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,

раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс. км², пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ШТЭ-КЕВІ́Р,

пустыня на Пн Іранскага нагор’я, у Іране. Даўж. каля 500 км. шыр. да 250 км. Пл. каля 55 тыс. км². Шэраг падзеленых вузкімі нізкімі градамі бяссцёкавых пласкадонных упадзін, дно якіх знаходзіцца на выш. 600—800 м. Упадзіны заняты саланчакамі, такырамі, перасыхаючымі салёнымі балотамі. У час дажджу ўтвараюцца азёры непраходнай гразі. Летам паверхня саланчакоў пакрыта саляной скарынкай, пад якой ляжыць пясчана-глеевая багністая маса. На паўн. ускраіне Д.-К. вял. аазісы. На вял. прасторах расліннасць адсутнічае. Абвадняецца перасыхаючымі вадатокамі, якія сцякаюць у асн. з паўд. схілаў Эльбурса. Нац. парк Кевір, на У пустыні — частка рэзервата Туран.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп. г. Аасія),

1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).

2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).

Аазіс Більма ў Аравійскай пустыні.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)