Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГО́НІЙ (ад аа... + грэч. gonē нараджэнне),
«жаночы» орган палавога размнажэння водарасцяў і некаторых грыбоў, якім уласціва аагамія. Звычайна складаецца з 1 клеткі, у якой утвараецца 1 або некалькі яйцаклетак. У харавых і некаторых інш. водарасцяў аагоній шматклетачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),
1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.
2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),
тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРАХАСПЕ́РМУМ (Batrachospermum),
род чырвоных водарасцяў сям. батрахаспермавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Растуць у багатай кіслародам прэснай вадзе, асобныя віды — на тарфяных балотах паблізу крыніц. На Беларусі — батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme), адзначаны ў ручаях, рэчках і наваколлі воз. Нарач.
Шматклетачная ніткападобная аднадомная водарасць. Слаявіна мяккая, слізістая, даўж. 2—10 см, цемнаватага жоўта- або аліўкава-шэрага колеру, часам укрытая слоем скурыстых клетак. Асн. галінкі густа ўсаджаны пучкамі кароткіх галінак, размешчаных кальчакамі. Палавое размнажэнне — аагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),
тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз.гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.