ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,

караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст. н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,

агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.

На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем a = <x> 1 n k = 1 n xk

Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.

А.А.Гусак.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРКІ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл. Азёркаўскага с/с і калгаса. За 33 км ад г. Масты, 93 км ад Гродна, 23 км ад чыг. ст. Зэльва. 484 ж., 173 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, аддз. сувязі.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ

(Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.В.Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́

(ісп. Grandes Antillas, англ. Greater Antilles),

заходняя частка архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключае вял. а-вы Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка і менш значныя, размешчаныя паблізу. Агульная пл. 209 тыс. км².

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЎЦЮКІ́,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Калінкавічы, 120 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Галявіцы. 711 ж., 362 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. У Вялікіх Аўцюках праводзяцца фестывалі гумару.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ БО́РТНІКІ,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Ала, на аўтадарозе Бабруйск—Рагачоў. Цэнтр Бортнікаўскага с/с і калгаса. За 25 км на У ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цялуша. 880 ж., 392 двары (1996). Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, лазнева-пральны камбінат, гасцініца, аддз. сувязі.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.Хейзен, Г.Менард, Г.Б.Удзінцаў і інш., 1955—62).

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)