ПЯТРО́Ў Мікалай Іванавіч (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),

украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад. АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),

1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.

2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛО́Ў Генадзь Пятровіч (н. 7.8.1936, в. Куцаўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-р с.-г. н. (1996). Ганаровы садавод Украіны (1990). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т завочнай адукацыі (1965) і Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (1987). З 1962 у Гродзенскай абласной с.-г. станцыі, у 1976—2001 у Шчучынскім ПТВ-198. Навук. працы па пытаннях памалогіі і крытэрыях біял. ацэнкі сартоў, селекцыі і інтрадукцыі пладовых і ягадных культур, тэхналогіі стварэння і догляду прамысл. і прысядзібных садоў. Стварыў буйнейшы на Беларусі памалагічны сад (в. Руткевічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.).

Тв.:

Путешествие за сортом. М., 1987 (разам з І.​В.​Сцеркіным);

Груша в Белоруссии. Мн., 1991;

Яблоня в вашем саду. Мн., 1998.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МАН (Riemann) Георг Фрыдрых Бернхаі (17.9.1826, г. Даненберг, Германія — 20.7.1866),

нямецкі матэматык. Вучыўся ў Гётынгенскім (1846) і Берлінскім (1847—49) ун-тах. З 1849 у Гётынгенскім ун-це (з 1857 праф.). Навук. працы па тэорыі функцый камплекснай пераменнай, тэорыі лікаў, матэм. аналізе, матэм. фізіцы і геаметрыі. Заклаў асновы геам. кірунку ў тэорыі аналітычных функцый, увёў т.зв. рыманавы паверхні, займаўся пытаннямі размеркавання простых лікаў, распрацаваў тэорыю канформных адлюстраванняў, заклаў асновы тапалогіі, даследаваў раскладальнасць функцый у трыганаметрычныя шэрагі, сфармуляваў неабходныя і дастатковыя ўмовы існавання вызначанага інтэграла (гл. Рымана інтэграл). Стварыў тэорыю абагульненых рыманавых прастор (рыманава геаметрыя), асобныя выпадкі якой — эўклідава геаметрыя, Лабачэўскага геаметрыя, Рымана геаметрыя.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. М.; Л., 1948.

Літ.:

Монастырский М.И. Бернхард Риман. М., 1979.

Б.Рыман.

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІ ў Расійскай імперыі,

часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.

В.​П.​Панюціч.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЛЬЕВА Таццяна Мітрафанаўна (н. 15.3.1938, в. Бестрань Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1993), праф. (1998). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1971 у Нац. Ін-це адукацыі. Даследуе праблемы навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту; пытанні мыслення, маўлення, разумення і свядомасці чалавека ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы. Навук. кіраўнік распрацоўкі канцэпцыі «Нацыянальнай пачатковай школы» (1992).

Тв.:

Психологические вопросы овладения русским языком. Мн., 1983;

Дар слова: Говорим по-русски... Гаворым па-беларуску... Мн., 1986 (разам з М.​Р.​Яленскім);

Мышление и деятельность — основные факторы развития человека в системе непрерывного образования // Пачатковае навучанне: Сям’я. дзіцячы сад, школа. 1999. № 5. С. 85—93.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ Уладзімір Ільіч (16.4.1932, в. Яснаўка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.12.1989),

бел. вучоны ў галіне судовай медыцыны. Д-р мед. н. (1974), праф. (1982). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1962 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1976 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях паталогіі, у т. л. сасудзістай, галаўнога мозга, нейраанкалогіі, выніках траўматычных пашкоджанняў нерв. сістэмы, метадах комплекснага вывучэння магістральных артэрый галавы.

Тв.:

О компенсации двигательных функций после удаления опухолей головного мозга // Проблемы сосудистой нейрохирургии. Мн., 1962;

Динамика морфологических изменений в области окклюзированных магистральных артерий головы при инфаркте мозга // Актуальные вопросы невропатологии и нейрохирургии. Мн., 1975. Вып. 8.

А.​Б.​Мельнічэнка.

У.Савіч. У крузе магічных абрадаў. 1996.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ЎСКІ Антон Паўлавіч (н. 7.2.1944, в. Красняны Мядзельскага р-на Мінскай. вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў БДУ (1966). У 1967—8 2 і з 1999 у БДУ. У 1982—99 у Гродзенскім ун-це (у 1982—84 заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў метады рашэння класічнай праблемы цэнтра і фокуса для адвольных аналіт. сістэм дыферэнцыяльных ураўн. на плоскасці.

Тв.:

Нелинейные колебания в системах второго порядка. Мн., 1982 (разам з У.​В.​Амелькіным, М.​А.​Лукашэвічам);

Проблема центра и фокуса для аналитических систем с нулевой линейной частью // Дифференциальные уравнения. 1989 Т. 25, № 5—6;

Решение проблемы центра и фокуса для кубической системы нелинейных колебаний // Там жа. 1997. Т. 33, № 2.

т. 14, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК Аляксандр (14.8.1890, Навагрудчына — пасля 1937),

удзельнік бел. нац.-рэліг. руху пач. 20 ст. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це лясной гаспадаркі, з 1913 у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У 1917 пасвячоны ў святара. Душпастырскую дзейнасць вёў у Магілёўскай губ., на Міншчыне, Мазыршчыне, у Койданаве, Хойніках. Удзельнік з’езда бел. каталіцкіх святароў у Мінску (24.—25.5.1917), чл. саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі рэліг. жыцця беларусаў-каталікоў. З-за праследаванняў сав. улад у 1929 вымушаны быў адмовіцца ад святарскага сану. Працаваў у Бел. дзярж. выд-ве, займаўся літ. творчасцю. 24.6.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», у 1930—34 на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. У 1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАСЛА́ЎСКІ (Świętosławski) Войцех Алаізій (3.7.1881, в. Кірыёўка Жытомірскай вобл., Украіна — 29.4.1968),

польскі фізікахімік, заснавальнік школы тэрмахімікаў. Чл. Польскай АН (1952). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1906). З 1910 у Маскоўскім ун-це. З 1918 у Польшчы: праф. Варшаўскага політэхн. ін-та (1918—39, 1946—51) і Варшаўскага ун-та (1918—29, 1947—60). У 1935—39 міністр вышэйшай адукацыі Польшчы. У 1940—46 у ЗША. У 1955—61 дырэктар Ін-та фіз. хіміі Польскай АН. У 1928—32 і 1934—40 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі. Навук. працы па тэрмахіміі арган. злучэнняў, тэорыі працэсаў каксавання і перапрацоўкі кам.-вуг. смалы. Распрацаваў шэраг каларыметрычных метадаў. Сканструяваў адыябатычны каларыметр (1913), эбуліяметр для хуткага вызначэння малекулярнай масы (эбуліяметр С.; 1924).

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)