БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,

комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),

найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;

Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЯДЖЭР»

(англ. Voyager),

назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.

«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.

Н.​А.​Ушакова.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.
Да арт. «Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,

інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.

Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.

Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (20.8.1887, С.-Пецярбург — 12.6.1973),

расійскі гісторык. Сын У.І.Вярнадскага. Праф. Пермскага (1917—18), Таўрычаскага (1918—20, Сімферопаль), Карлава (1922—27, Прага) і Іельскага (1927—56, з 1957 ганаровы праф., ЗША) ун-таў. Член Амер. акадэміі сярэдніх вякоў. Вучань В.В.Ключэўскага, С.Ф.Платонава, А.А.Кізеветэра, Дз.​М.​Петрушэўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). У 1920 эмігрыраваў. З 1922 у Празе, удзельнічаў у працы Семінара (пазней Ін-та) імя Н.​П.​Кандакова. З 1927 у ЗША, выкладаў у Іельскім, Гарвардскім, Калумбійскім, Чыкагскім ун-тах. Адзін з аўтараў гіст. канцэпцыі еўразійства (асн. ідэя — узаемасувязь прыроды і грамадства як гал. рухавіка сусв.-гіст. працэсу). Своеасаблівасць нац. развіцця рус. народа бачыў у самаразвіцці сац. арганізма і ўплыве на грамадства прыродна-геагр. фактараў. Гэтаму прысвечаны яго працы «Нарысы рускай гісторыі» (Прага, 1927), «Пра гісторыю Еўразіі з сярэдзіны VI ст. да гэтага часу» (Берлін, 1934), «Звёны рускай культуры» (т. 1, Брусель, 1938), «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, Нью-Хейвен, 1943—69).

Тв.:

Русское масонство в царствование Екатерины II. Пг., 1917;

Очерк истории права Русского государства XVIII—XIX вв. Прага, 1924;

Political and diplomatic history of Russia. Boston, 1936;

Рус. пер. — Древняя Русь. Тверь;

М., 1996;

«Соединение церквей» в исторической действительности // Вопр. истории. 1994. № 7;

Из воспоминаний // Там жа. 1995. №1,3.

Літ.:

Пашуто В.Т. Русские историки-эмигранты в Европе. М., 1992;

Раев М. Россия за рубежом: Исторня культуры рус. эмиграции, 1919—1939. М., 1994.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.​І.​Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́БІН,

гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).

У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.

Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-ва сац. інфраструктуры раённага цэнтра.

В.​М.​Князева.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),

абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл. Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)