КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфіз.-матэм.н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.А.Піліповічам);
Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп.псеўд.Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦККП(б)Б пакінуты ў тыле ворага дляпадп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канца жн. — пач.вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар.падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач.кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦККПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Павел Нічыпаравіч) (18.11.1912, в. Склімін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 2.9.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1978). Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі імя Кірава (1936). З 1955 рэдактар час. «Вожык», у 1967—72 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкаваўся з 1943. Звяртаўся да падзей вайны, актуальных тэм сучаснасці, узнімаў маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў «Прага бою» (1945), «У новы дзень» (1952), «Апавяданні» (1956), «Павер, кахаю...» (1969), «Судзі сябе сам» (1992), аповесці «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), зб-каў гумару «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Як здароўе, доктар?» (1972), дакумент. аповесці «Дзень першы, ноч апошняя» (1980), аднаактовых п’ес, нарысаў. Пісаў для дзяцей: аповесці «Андрэйка» (1948), «Лёнька Гром» (1961), «Чырвоны лядок» (1969), зб-кі апавяданняў «Згублены дзённік» (1954), «Малы мужчына» (1966), «Жыві сабе, зайчык!» (1975), кн. «Намеснік бабулі» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województvo Kaliskie),
адм.-тар. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. Пл. 6512 км², нас. 718 тыс.чал., гарадскога 47% (1992). Адм. ц. — г.Каліш. Найб. гарады: Остраў-Велькапольскі, Кратошын, Яроцін, Астжэшаў, Плешаў, Кемпна. Больш. ч. тэрыторыі ваяводства займае Калішскае ўзв., на Пн размешчана Велікапольская нізіна, на Пд — усх.ч. Тшабніцкай грады (выш. да 284 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рэкі — Просна, Барыч, Відава (бас.р. Одра). Глебы пераважна мала- і сярэднеўрадлівыя (падзолістыя і бурыя), у далінах рэк алювіяльныя. Лясы займаюць 23% тэр. (хвоя, бук, дуб). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (металарэзныя станкі, машыны і абсталяванне для спажывецкай прам-сці), тэкст. (шаўковыя, трыкат., дэкар. тканіны), швейная, харч. (харч. канцэнтраты, цукар, пладова-агароднінныя кансервы), дрэваапр. і буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 68% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, сланечнік, пшаніцу, агародніну, кветкі. Гадуюць свіней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,
метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.
Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКАЯ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 2.10.1934, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-рбіял.н. (1987). Скончыла БДУ (1958). З 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1993 гал.навук. супрацоўнік). Навук. працы па распрацоўцы тэарэт. асноў рэкурэнтнага (перыядычнага) адбору, выкарыстанні біятэхнал. метадаў эмбрыякультуры і культуры пыльнікаў in vitro для стварэння новых генет. крыніц трыцікале на аснове міжвідавых і міжродавых скрыжаванняў, вывучэнні заканамернасцей наследавання гаспадарча-каштоўных прыкмет у атрыманых формах раслін, а таксама экспрэсіі генаў у новым генет. асяроддзі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Периодический отбор в селекции растений Мн., 1976 (разам з М.В.Турбіным, Л.У.Хатылёвай);
Инбридиш у сельскохозяйственных растений. Мн., 1980 (у сааўт.);
Рекуррентная селекция. Мн., 1985;
Создание новых генетических источников тритикале на основе рекомбиногенеза в системе геномнозамещенных форм, линий пшеницы с различной комбинацией Vm генов и гомозиготизации в культуре in vitro (у сааўт.) // Генетические основы селекции сельскохозяйственных растений. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,
вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж. палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх.крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.П.Качубей (1831—34), М.М.Навасільцаў (1834—38), І.В.Васільчыкаў (1838—41).
2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.П.Гагарын (1864—71), П.М.Ігнацьеў (1872—79), П.А.Валуеў (1879—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІФО́ЛЬ,
цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.
Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.