АРЭНБУ́РГСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

пуховага кірунку. Выведзена ў Арэнбургскай вобласці працяглым адборам мясцовых козаў па пуховай прадукцыйнасці. Гадуюць у Арэнбургскай, Чэлябінскай абласцях, Башкортастане і Казахстане.

Жывёлы буйныя, рухомыя, моцнай канстытуцыі, з добра развітымі рагамі. Маса казлоў 55—65, матак 44—45 кг. Воўна складаецца з цёмна-шэрага тонкага пуху даўжынёй 5—6 см і грубай восці чорнага колеру даўжынёй 7—9 см, радзей пух і восць белыя. Начос пуху з дарослай жывёліны 180—400 г; выкарыстоўваюць на выраб пуховых хустак і шаляў. Выхад чыстай воўны 96%. Удой за лактацыю 90—120 кг, тлустасць малака 4,8—5%. Пладавітасць 130—140%.

У.​І.​Баброў.

Каза арэнбургскай пароды.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ТКІН-УЛАДЗІ́МІРСКІ Аляксандр Мікалаевіч (15.10.1885, с. Вазнясенскае, Кастрамскі р-н — вер. 1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1918—21 чл. Прэзідыума ВЦСПС. У 1921 на дзярж. рабоце ў Туркестанскай АССР. З 1922 інструктар ЦК РКП(б). У маі 1923 узначаліў партыйна-ўрадавую камісію па ўзбуйненні БССР. З лют. 1924 сакратар Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). У маі—вер. 1924 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б. У 1924—29 старшыня праўлення Усесаюзнага с.-г. банка. З 1930 на сав., парт., дзярж. і навук. рабоце. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ Людвіг Пятровіч (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЛЬШАВІ́К»,

тэарэтычны і паліт. орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦК КПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАН (Baran) Пол (1910, Украіна — 1964),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.​Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЕ́Ц (Huperzia),

род дзярэзаў сям. баранцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца баранец звычайны (Huperzia selago). Расце невял. групамі ў старых яловых і шыракаліста-яловых лясах, арэшніках і чорнаалешніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовазялёная дзераза выш. 10—15 см. Спарафіт, утварае шчыльныя курціны з двойчы-чатырохразова вільчакова-разгалінаваных прамых ці ўзыходных сцяблоў, укрытых, як чарапіцай, дробным ланцэтным лісцем. Спарангіі жоўтыя, аднагнездавыя, ныркападобныя, на кароткіх ножках у пазухах спарафілаў. Спараносіць у ліп.—жніўні. Споры вельмі дробныя (каля 30 мкм). Зарастак (гаметафіт) цыліндрычны, радыяльна-сіметрычны. Лек. (мае алкалоіды, сродак ад алкагалізму і курэння), фарбавальная, інсектыцыдная і дэкар. расліна.

Баранец звычайны.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.​М.​Блакітны (сапр. Яланскі), Р.​Ф.​Грынько, А.​П.​Любчанка, І.​В.​Міхайлічэнка, А.​Я.​Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЗІН Іван Паўлавіч (13.11.1883, в. Шырокі Уступ Саратаўскай вобл., Расія — 7.1.1960),

савецкі вучоны-металург. Акад. АН СССР (1932). Герой Сац. Працы (1945). З 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1910). Працаваў на металург. з-дах, з 1917 кіраваў аднаўленнем металург. прам-сці. У 1929—32 узначальваў буд-ва Кузнецкага металург. камбіната. З 1939 дырэктар Ін-та металургіі АН СССР, з 1944 — Цэнтр. НДІ чорнай металургіі. Працы па праектаванні і стварэнні магутных металург. заводаў, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, асваенні бесперапыннай разліўкі сталі ў крышталізатарах. Чл. шэрагу замежных АН. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949. Ленінская прэмія 1958.

Літ.:

Проблемы металлургии. М., 1953.

І.П.Бардзін.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЙ (лац. Barium),

Ba, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.​Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78∙10​3 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5∙10​−2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́САЎ Мікалай Генадзевіч (н. 14.12.1922, г. Усмань Ліпецкай вобл., Расія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Расійскай АН (1966, чл.-кар. 1962). Замежны чл. АН Беларусі (1995). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1982). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (МІФІ; 1950). З 1950 у Фіз. ін-це Расійскай АН, у 1973—80 яго дырэктар, адначасова выкладае ў МІФІ. Навук. працы па квантавай электроніцы і яе дастасаваннях. Разам з А.М.Прохаравым вынайшаў першы квантавы генератар (мазер). Выказаў ідэю і распрацаваў метады стварэння паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1959. Нобелеўская прэмія 1964.

Тв.:

О квантовой электронике: Ст. и выступления. М., 1987.

М.Г.Басаў.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)