ПІ́ГУ (Pigou) Артур Сесіл (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),

англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫМІДЗІ́Н 1,3-дыазін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.

Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл. Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл. Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

дэмакратычная арг-цыя польскай эміграцыі, створаная ў 1832 у Парыжы. Кіруючы орган — Цэнтралізацыя. Мэта т-ва — увядзенне замест старога парадку новага ладу для паляпшэння дабрабыту ўсяго грамадства і лёсу нар. мас. Для дасягнення гэтай мэты ідэолагі партыі бачылі 2 шляхі: паступовыя змены і звяржэнне ўрада. З 1840 П.д.т. праз эмісараў рыхтавала паўстанне на тэр. былой Рэчы Паспалітай. У 1845 эмісары т-ва дзейнічалі на Гродзеншчыне (Я.​Рэр), Брэстчыне (А.​Хафмаер), Віленшчыне (А.​Рэніер). Пасля 1848 Цэнтралізацыя перамясцілася ў Лондан. У 1862 П.д.т. далучылася да Варшаўскага цэнтр. нац. к-та.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ ТЭО́РЫІ,

эканамічныя тэорыі, якія разглядаюць узаемадзеянне паміж вытв-сцю і размеркаваннем яе вынікаў сярод удзельнікаў вытв-сці. Першапачаткова П.т. выступала ў выглядзе тэорыі фактараў вытв-сці (Ж.​Б.​Сей, К.​Ф.​Бастыя і інш.), паводле якой кожны фактар вытв-сці (праца, капітал, зямля) удзельнічае ў стварэнні вартасці грамадскага прадукту і атрымлівае адпаведны даход у форме заработнай платы, прыбытку, рэнты. У канцы 19 ст. Дж.​Б.​Кларк распрацаваў тэорыю гранічнай прадукцыйнасці, у якой пад гранічным прадуктам разумеўся натуральны ўзровень даходу, што выплачваецца кожнаму з фактараў вытв-сці. П.т. цесна звязаны з гранічнай карыснасці тэорыяй.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЁНАВАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Propionibacterium),

род неспараносных бактэрый. Жывуць у рубцы і кішэчніку жвачных жывёл, у малочных прадуктах (акрамя малака). Непатагенныя.

Нерухомыя грамстаноўчыя палачкі. У маладых культурах — скрыўленыя, злёгку галінастыя палачкі, у больш старых — кокападобнай формы. Утвараюць калоніі жоўтага, аранжавага, чырв. колераў. Растуць у аэробных і анаэробных умовах. Узбуджальнікі прапіёнавакіслага браджэння, зброджваюць глюкозу, лактозу, інш. вугляводы, таксама некат. спірты з утварэннем прапіёнавай і воцатнай к-т і вуглякіслага газу. Закваскі, што маюць П.б., выкарыстоўваюцца ў сыраробстве (малюнак — «вочкі», смак і духмянасць швейц. сыру звязаны пераважна з прапіёнавакіслым браджэннем) і для мікрабіял. сінтэзу вітаміну B12.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́БЛІСК»,

«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.​Бобрык, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, В.​Маракоў, І.​Плаўнік, Я.​Туміловіч, а таксама А.​Гурло, А.​Звонак, С.​Фамін, М.​Хведаровіч, Н.​Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІДЫЯБЕТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антыдыябетычныя сродкі,

лекавыя сродкі для лячэння дыябету цукровага. Зніжаюць колькасць глюкозы ў крыві. Да іх адносяць прэпараты інсуліну (з падстраўнікавых залоз свойскіх жывёл), цукразніжальныя сінт. прэпараты. Адрозніваюць прэпараты інсуліну кароткачасовага дзеяння — 6—8 гадз. (просты інсулін, суінсулін), сярэдняй працягласці — 12—18 гадз (Б-інсулін, суспензія цынк-інсуліну аморфная) і працяглага дзеяння — 24—30 гадз (суспензія цынк-інсуліну). Ужываюць таксама прэпараты чалавечага інсуліну (у параўнанні з жывёльнымі радзей выклікае пабочныя эфекты), напр., хумалог, хумулін, ультратард. Да сінт. П.с. адносяць вытворныя сульфанілмачавіны (бугамід, хлорпрапамід, букарбан і інш.) і бігуаніды (напр., глібутыд).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРГА́,

пылок кветак, сабраны пчалой меданоснай, змочаны нектарам, пакладзены ёй у ячэйкі сотаў і заліты мёдам. У анаэробных умовах, пад уздзеяннем ферментаў, бактэрый і дражджавых грыбкоў павялічваецца колькасць малочнай к-ты, якая кансервуе сумесь і ператварае яе ў П. У склад П. ўваходзяць бялкі 13—40%, тлушчы 0,3—12%, вугляводы 24—70%, ферменты, мінер. солі, вітаміны, гармоны. П. — каштоўны пратэінавы корм, неабходны для выкормлівання пчалінага расплоду вясной, яе адсутнасць затрымлівае развіццё пчалінай сям’і і зніжае медазбор. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. П. пры лячэнні неўрозаў, неўрастэніі, цукр. дыябету, анеміі, гепатыту і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТКЕ́ВІЧ Міхаіл Міхайлавіч (2.8.1934, в Юзафова Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 28.11.1999),

бел. вучоны ў галіне судовай медыцыны. Д-р мед. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960), працаваў у ім (з 1970 прарэктар); з 1977 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры, у 1985—96 дэкан). Навук. працы па вызначэнні ступені цяжкасці цялесных пакалечанняў, спосабах выяўлення відавой прыналежнасці тканак, ідэнтыфікацыі асобы.

Тв.:

К методике идентификации личности по черепу методом фотосовмещения (разам з М.​У.​Лісаковічам, Л.​А.​Яфімавым) // Судебно-медицинская экспертиза. 1984. №4;

Судовая медыцына. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)