комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́НЬ,
рака на З Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток Прыпяці. Даўж. 695 км (у межах Беларусі 82 км). Пл. вадазбору 27,7 тыс.км² (у межах Беларусі 1,2 тыс.км²). Пачынаецца ў Крамянецкіх гарах Украіны, цячэ ў межах Падольскага і Валынскага узв., ніжняе цячэнне па Прыпяцкай нізіне, на Беларусі — у Столінскім р-не. Асн. прытокі на тэр. Украіны: Случ (справа), Стубла, Вілія (злева). Упадае ў Прыпяць 2 рукавамі (левы называецца Вятліца).
Даліна ракі трапецападобная, на тэр. Беларусі невыразная, дасягае шыр. 2,5 км. Пойма двухбаковая, шыр. ў верхнім цячэнні 100—700 м, сярэднім 1—1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. Рэчышча звілістае, шыр. ў ніжнім цячэнні 150—200 м. Суднаходства пачынаецца за 291 км ад вусця. На Гарыні гарады Ізяслаў, Славута, Дубровіца (Украіна), Столін, Давыд-Гарадок (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЕЦ,
1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.
3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦЮ́ХІН Уладзімір Васілевіч (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ Юрый Уладзіміравіч (30.6.1873, Масква — 17.12.1943),
рускі гісторык, археограф. Чл.-кар.Рас.АН (1922), акад.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра I да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.
Літ.:
К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,
саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС (Goebbels) Паўль Іозеф (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс.км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 ммза год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬЦЭР Кацярына Васілеўна (14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар.арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял.т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА,
цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x2/a2 − y2/b2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b2 = c2 − a2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл.Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x2 − y2 = a2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).