РЭЗАНА́НСНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ, рэзанансы,

нестабільныя элементарныя часціцы (адроны), якія могуць распадацца за кошт моцных узаемадзеянняў. Маюць час жыцця ад 10​−24 да 10​−22 с. Аб наяўнасці Р.ч. мяркуюць па ўскосных звестках, напр., па «рэзанансным» (адсюль назва) павелічэнні эфектыўнага сячэння даследаванага працэсу ўзаемадзеяння часціц пры тых значэннях энергіі, якія адпавядаюць масе (у энергет. адзінках) пэўнай Р.ч. Эксперыментальна адкрыты Э.​Фермі (пач. 1950-х г.) і першасна трактаваліся як узбуджаныя станы адронаў.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́ТАР (ад лац. resono адгукаюся),

вагальная сістэма, у якой могуць адбывацца ваганні найб. амплітуды (гл. Рэзананс) пры ўздзеянні знешняй сілы пэўнай частаты і формы.

Звычайна Р. адгукаецца на гарманічныя (сінусаідальныя) уздзеянні, частата якіх блізкая да частаты яго ўласных ваганняў. Пры несінусаідальных уздзеяннях у Р. ўзнікаюць ваганні складанай формы, аднак у спектры ваганняў пераважаюць частоты, блізкія да частот уласных ваганняў, напр., вагальны контур, аб’ёмны рэзанатар, аптычны рэзанатар, рэзанатар акустычны.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕ́КЦЫЯ (ад лац. resectio адсячэнне),

выдаленне (шляхам аперацыі) ч. органа або тканкі ў сувязі з іх захворваннем ці пашкоджаннем. Робяць пры лакальных паталаг. зменах (пухліна, амярцвелы ўчастак, інфекц. працэс і інш.), для карэкцыі набытых дэфармацый (напр., у суставе), выдалення прыроджаных анамалій (залішняя даўж. сігмападобнай кішкі) і інш. У некат. выпадках пасля Р. злучаюць захаваныя ч. органа (напр., кішкі), замяшчаюць выдалены ўчастак трансплантатам (напр., сасуд, сустаў).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙХСКАМІСАРЫЯ́Т (ням. Reichskommissariat),

буйная адм.-тэр. адзінка, створаная цывільнымі ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Паводле загаду А.​Гітлера ад 17.6.1941 у вер. 1941 былі створаны Р. «Остланд» (уваходзіла ч. тэр. Беларусі) і «Украіна» (уваходзілі таксама паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл.), якія падзяляліся на генеральныя акругі. На чале Р. стаялі рэйхскамісары, якія падпарадкоўваліся міністру акупіраваных усх. тэрыторый А.​Розенбергу ў Берліне.

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),

цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі стараж. багіня, тытаніда (гл. Тытаны), жонка і сястра тытана Кронаса. Лічылася дачкой Урана і Геі. Паводле міфаў, Р. нарадзіла Кронасу дачок і сыноў Гестыю, Дэметру, Геру, Аіда, Пасейдона і Зеўса. Кронас, які баяўся страціць уладу над светам, паядаў сваіх дзяцей. Р. шляхам падману выратавала і схавала ад яго Зеўса і Пасейдона. У перыяд позняй антычнасці Р. атаясамлівалі з фрыгійскай Вялікай маці багоў і называлі Р.-Кібелай.

т. 14, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,

сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.

Да арт. Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАТО́РЫЙ-ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу. Размешчаны звычайна ў горадзе ці прыгарадзе. Падпарадкаваны прамысл. прадпрыемствам і іх прафс. органам. У С.-п. атрымліваюць лячэнне без адрыву ад вытв-сці асобы, якія хварэюць або працуюць ва ўмовах прафесійнай шкоднасці, працуючыя інваліды; арганізуюцца таксама С.-п. сямейныя (з дзецьмі), профільныя (з аднароднымі захворваннямі); рэабілітацыя пасля стацыянарнага лячэння (напр., пасля аперацыі). На Беларусі 109 С.-п. (2000).

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІНЕ́ЦІ КАЙРО́ЛА (Sanguinetti Coirolo) Хуліо Марыя (н. 6.1.1936, Мантэвідэо),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Уругвая. Скончыў ун-т Рэспублікі (г. Мантэвідэо). Працаваў адвакатам і журналістам. З 1962 чл. уругвайскага парламента ад партыі «Каларада»; з 1981 лідэр, з 1983 ген. сакратар партыі «Каларада». У 1969—71 міністр прам-сці і гандлю, у 1972 — культуры і асветы Уругвая. У 1985—90 першы цывільны прэзідэнт Усх. Рэспублікі Уругвай пасля перыяду ваен. рэжыму.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННІКАЎ Якаў (?—?). расійскі прамысловец, даследчык Новасібірскіх а-воў. У 1800 адкрыў і апісаў в-аў Сталбавы, у 1805 — Фадзееўскі. У 1808—10 удзельнічаў у экспедыцыі М.​М.​Гедэнштрома па даследаванні Новасібірскіх а-воў. У 1810 перасек в-аў Новая Сібір, у 1811 — в-аў Фадзееўскі. Выказаў меркаванне пра існаванне вял. зямлі на Пн ад в-ва Кацельны (гл. Саннікава Зямля). Яго імем названы праліў паміж а-вамі М.​Ляхаўскі і Кацельны.

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)