арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл.Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш.). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫЛІ́, кутнікі, каморнікі,
катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл.Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬ, актываваны вугаль,
вугляродны адсарбент, з развітой сітаватай структурай. Добра адсарбіруе арган. рэчывы, дрэнна аміяк, ваду, спірт. Адсорбцыя ў мікрасітавінах (памер 3 нм, аб’ём да 0,6 см³/г) адбываецца па механізме аб’ёмнага запаўнення, у мезасітавінах (3—200 нм, аб’ём да 0,5 см³/г) — капілярнай кандэнсацыі; макрасітавіны (200 нм, аб’ём да 1,2 см³/г) выконваюць трансп. функцыю. Атрымліваюць з выкапнёвага ці драўнянага вугалю парафазавай ціхім. карбанізацыяй і актывацыяй, а таксама тэрмічным раскладаннем сінт. палімераў. Выкарыстоўваецца для рэкуперацыі арган. растваральнікаў, пры рафінаванні цукру, ачыстцы пітной вады, спіртных напіткаў, сцёкавых водаў, як адсарбент і носьбіт каталітычных дабавак, у медыцыне для ачысткі крыві і паглынання шкодных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́Й, Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялогу, эмацыянальнасцю і гумарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ, трыумфальная брама,
пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.Персье і П.Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.Ф.Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.Стасаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКА (Erophila),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вяснянка веснавая (Erophila verna), нар. назва крупка. Расце на пясках на ўзлесках і лясных палянах, каля дарог і на сухіх схілах, зрэдку як пустазелле на палях.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 2—20 см з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом. Лісце сабранае ў разетку, падоўжана-эліпсоіднае ці ланцэтнае, апушанае, сядзячае або звужанае ў чаранок. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у кароткіх малакветных гронках. Плод — голы эліпсоідны стручочак. Эфемер (цвіце ў крас.—маі, поўны цыкл развіцця праходзіць за 1—2 тыдні, потым адмірае). Лек. (выкарыстоўваецца пры цынзе, панарыцыях, параніхіях) і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗА,
сумесь вуглевадародаў; фракцыя нафты, якая кіпіць у інтэрвале тэмператур 110—320 °C.
Празрыстая, бясколерная ці светла-бурая вадкасць з блакітным адценнем, шчыльн. 780—850 кг/м³ (20 °C), т-ра ўспышкі 28—72 °C, цеплата згарання 42,9—43,1 МДж/кг. Састаў і ўласцівасці залежаць ад хім. саставу нафты і спосабаў яе перапрацоўкі. Газа мае 20—60% насычаных аліфатычных, 20—50% нафтэнавых, 5—25% біцыклічных араматычных і да 2% ненасычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць перагонкай нафты ці крэкінгам нафтапрадуктаў. Прамысл.вытв-сць пачалі браты Дубініны ў Расіі (1823).
Выкарыстоўваюць як рэактыўнае паліва (авіяц. газа), растваральнік, сыравіну ў нафтаперапр. прам-сці (тэхн. газа), гаручае для быт. награвальных і асвятляльных прылад і ў апаратах для рэзкі металаў (асвятляльная газа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІПАТЫ́ЎНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
механічныя сістэмы, поўная энергія якіх (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергій) у працэсе руху памяншаецца, пераходзячы ў інш. віды энергіі, напр. ва ўнутр. энергію — цеплату (гл.Дысіпацыя). Д.с. з’яўляецца кожнае цела ці сістэма цел, што рухаюцца ў рэальным асяроддзі пры наяўнасці сіл трэння, супраціўлення ці вязкасці.
Паняцце «Д.с.» выкарыстоўваецца ў фізіцы і ў дачыненні да немех. сістэм у выпадках, калі энергія ўпарадкаванага працэсу пераходзіць у энергію неўпарадкаванага працэсу, у рэшце рэшт — у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул. Напр., вагальны контур, у якім адбываюцца затухальныя ваганні з-за наяўнасці амічнага (актыўнага) супраціўлення, з’яўляецца таксама Д.с.; у гэтым выпадку эл. энергія ўпарадкаванага руху электронаў пераходзіць у т. зв. джоўлеву цеплату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,
мета ды, што выкарыстоўваюцца для вызначэння, удакладнення і распазнавання хваробы. Падзяляюцца на асн. і дадатковыя, ці спецыяльныя. Асн. Д.м. — анамнез, агляд хворага, пальпацыя, перкусія, аўскультацыя. Спец. метады ўключаюць этыялагічны, марфал., патагенет. і функцыян. кампаненты, якія характарызуюць асаблівасці ўзнікнення і цячэння хваробы, даследаванні на субклетачным узроўні і апрацоўку на ЭВМ. Класіфікуюцца на Д.м. прамянёвыя (рэнтгенаскапія і рэнтгенаграфія, рэнтгенаўская камп’ютэрная і магнітна-рэзанансная тамаграфіі, ультрагукавая тэрмаграфія), электрафізіял. (электракардыяграфія, электраэнцэфалаграфія і інш.), радыенуклідныя (радыяграфія, сцынтыграфія і інш.), лабараторныя (гісталагічныя, цыталагічныя, біяхім., імуналагічныя), мікрабіял., біяфіз. (спектрафотаметрыя, флюарыметрыя, паляраграфія і інш.), эндаскапічныя (фібрагастрадуадэнаскапія, рэктаскапія, сігмаскапія, каланаскапія і інш.), нагрузачныя метады ціфункцыян. тэсты (эргаметрычныя, ізаметрычныя, псіхафізіял. стрэс-сістэмы, фармакалагічныя пробы і інш.).