ЛЯЎКО́Ў Пётр Маркавіч (1910, в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1968),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі, баёў у Польшчы, Германіі. Камандзір гарматы сяржант Л. вызначыўся: у чэрв. 1944 у час бою на шашы Орша—Магілёў; на тэр. Польшчы; у крас. 1945 на беразе р. Эльба. Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Медна. У Брэсцкім р-не, у бас. р. Зах. Буг, за 25 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Берагі катлавіны высокія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, з глыб. 2 м дно сапрапелістае. Выцякае р. Спанаўка, злучана каналам са Страдзецкім возерам.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОХ,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; казачны чараўнік у выглядзе барадатага чалавека. О. выскоквае з-пад зямлі да стомленага і галоднага бедняка, які прысеў на пень і моцна охнуў, корміць яго і прапануе сваю дапамогу. Дорыць герою чарадзейную табакерку, якая выконвае любыя пажаданні. Герой гэтай казкі перамагае злыя сілы і дамагаецца справядлівасці. Казкі падобнага тыпу запісаў М.​Федароўскі. Сюжэт О. вядомы і інш. народам.

А.​С.​Фядосік.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 °C, у зімовыя месяцы — да 10—15 °C. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,

плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax​3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t​2, у = at​3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.​Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.

Паўкубічная парабала y = ax​3/2.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛІЗ (ад радые... + грэч. lysis распад),

сукупнасць ператварэнняў, якія адбываюцца ў аб’екце (рэчыва, жывы арганізм) пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. У выніку паглынання энергіі іанізавальнага выпрамянення рэчывам зыходныя хім. злучэнні раскладаюцца з утварэннем новых рэчываў, якія наз. прадуктамі Р. (напр., прадукты Р. метанолу — вадарод і этыленгліколь HOCH2CH2OH, прадукты Р. вады — вадарод і пераксід вадароду H2O2), адначасова адбываюцца інш. хім. і фіз. змяненні рэчыва. Гл. таксама Радыяцыйная хімія.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЬЦЫ,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучайка (выцякае з возера), за 14 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,24 км², даўж. 670 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 1,95 км. Пл. вадазбору 8,25 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—7 м, у верхняй ч. разараныя. Пойма шыр. 25—50 м, забалочаная, пад лугам. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКАРАТНЯ́НКА,

рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Лучоса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 356 км². Выцякае з Дзевінскага воз. (у некат. даведніках за пач. ракі прымаюцца сутокі рэк Добрынка і Зерамнянка за 1 км на У ад в. Добрына, дзе яна вядома пад назвай Серакаротня), цячэ праз воз. Серакаротня. Вусце за 500 м на ПнУ ад в. Шылы.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАКУ́ХА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Танец імправізацыйнага характару, выконваецца весела, разгульна, пад прыпеўкі гумарыст. зместу. Дробныя рухі ног (дробушкі) спалучаюцца з хуткімі вярчэннямі і размахваннем хусткай. «С.» танцуюць жанчыны на дажынках, «каравайніцы» на вяселлях (т.зв. бабскія скакухі). Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст., быў вельмі пашыраны на Беларусі са значнымі рэгіянальнымі адрозненнямі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)