ПРАЦО́ЎНАЯ КНІ́ЖКА,

асноўны дакумент аб прац. дзейнасці работніка. Вядзецца на ўсіх работнікаў, якія працуюць у наймальніка больш як 5 дзён. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь у П.к. заносяцца звесткі пра работніка, пра выконваемую ім работу, а таксама пра заахвочванні і ўзнагароды за поспехі ў працы. Пры звальненні П.к. выдаецца работніку. Запіс аб прычынах звальнення ў П.к. робіцца ў адпаведнасці з фармулёўкамі дзеючага заканадаўства.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,

афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕ́РНАСЦЕЙ АНА́ЛІЗ, размернасцей тэорыя,

матэматычны метад вызначэння формул, якія выражаюць залежнасць паміж фіз. велічынямі пры даследаванні розных з’яў. Заснаваны на супастаўленні размернасцей фіз. велічынь. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі адшуканне фіз. велічыні патрабуе складаных разлікаў або ведання механізму працэсу, працяканне якога не вызначана. Пашыраны ў многіх раздзелах фізікі і сумежных навуках (механіцы, гідрадынаміцы, цеплатэхніцы і інш.). Гл. таксама Падобнасці тэорыя.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАПО́МПА,

стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, якое дае магчымасць па дадзеных цэлых дадатных ліках a і b (складаемыя) знайсці новы лік c (сума), у якім столькі адзінак, колькі іх маюць складаемыя: c = a + b.

С. лікаў уласцівы асацыятыўнасць: (a + b) + c = a + (b + c) і камутатыўнасць: (a + b) = (b + a). С. дастасавальна для адвольных сапраўдных лікаў, камплексных лікаў, а таксама да вектараў, матрыц, мностваў.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЖБА ШЫРАТЫ́,

сістэматычнае вызначэнне геагр. шыраты пэўнага пункта зямной паверхні (гл. Геаграфічныя каардынаты); аб’яднанне астр. устаноў, якія праводзяць адпаведную работу. Даследуе змены шырот ад руху полюсаў геаграфічных для вызначэння заканамернасцей і прычын гэтага руху, а таксама для патрэб геадэзіі і службы часу. Кіраўніцтва С.ш. ажыццяўляе міжнар. служба руху полюса (раней — міжнар. С.ш.), у даследаваннях удзельнічаюць больш за 40 абсерваторый свету.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФІЛАКО́КІ (Staphylococcus),

род бактэрый сям. мікракокавых. 3 віды. Пашыраны ў паветры, глебе, вадзе, на скуры і слізістых абалонках цеплакроўных жывёл і чалавека. Сапрафітныя, умоўна патагенныя і патагенныя віды.

Клеткі сферычнай формы, нерухомыя. Пры дзяленні ўтвараюць скопішчы накшталт гронак вінаграду, размяшчаюцца таксама паасобку або парамі. Грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы. Хемаарганатрофы. Патагенныя С. прадуцыруюць экза- і эндатаксіны, алергізуючыя рэчывы; узбуджальнікі гнойна-запаленчых захворванняў.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАБАСКАПІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

з’ява ўспрымання нерухомым рухомага аб’екта пры ўмове перарывістага яго назірання, а таксама ўспрымання хуткай змены відарысаў асобных момантаў (паслядоўных фаз) руху цела як неперарыўнага яго руху; адна са зрокавых ілюзій. Грунтуецца на інерцыі зроку — захаванні ў памяці ўспрынятага зрокавага вобраза на кароткі час (да 0,1 с) пасля знікнення аб’екта, які выклікаў гэты вобраз. Выкарыстоўваецца ў страбаскапічных прыладах, кінематаграфіі і тэлебачанні.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАХАВА́Я КАМПА́НІЯ,

фінансавы інстытут, які ажыццяўляе страхаванне асобы, маёмасці, бізнесу ад фін. страт, якія выкліканы неспрыяльнымі здарэннямі або няшчаснымі выпадкамі. Гэта юрыд. асоба ці суб’ект гаспадарання, што дзейнічаюць на рынку на аснове ліцэнзіі і статута. Паводле прававой формы адрозніваюць прыватныя, акц., дзярж., узаемныя, муніцыпальныя С.к.; паводле характару аперацый — спецыялізаваныя, універсальныя, перастраховачныя, а таксама пенсіённыя фонды; паводле зоны абслугоўвання — лакальныя, рэгіянальныя, нац., міжнар. (транснац.).

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРКЕСТА́Н,

назва ў 19 — пач. 20 ст. тэр. ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, населеных цюркскімі народнасцямі. Усх., або Кітайскі Т. — частка кіт. прав. Сіньцзян; Афганскі Т. — паўн. правінцыі Афганістана; Зах., або Рускі Т. — уладанне Расіі ў Сярэдняй Азіі і паўд. ч. Казахстана. У 1867—1917 асобна вылучалася Туркестанскае ген.-губернатарства (з 1886 — Туркестанскі край), а таксама васалы Расіі — Хівінскае ханства і Бухарскі эмірат.

т. 16, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)