ВЯЛІ́КАЕ МІЖЛЕ́ССЕ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пд ад г. Бяроза, 120 км ад Брэста, 22 км ад чыг. ст. Бяроза Картузская. 625 ж., 263 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква.
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВО́ЗЕРА
(Great Bear Lake),
возера на ПнЗ Канады. Пл. 30,2 тыс. км², даўж. каля 280 км, глыб. да 137 м. Берагі высокія, скалістыя, парослыя пераважна хвойнымі лясамі. Сцёк па р. Вял. Мядзведжая ў р. Макензі. Суднаходства. Рыбалоўства. Радовішча уранава-радыевай руды. Парты: Порт-Радый, Форт-Франклін.
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ НЯВО́ЛЬНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА
(Great Slave Lake),
возера на ПнЗ Канады. Пл. 28,6 тыс. км², даўж. каля 480 км, глыб. да 150 м. Берагавая лінія значна парэзаная. Зах. берагі нізкія, парослыя хвойнымі лясамі, паўн. і ўсх. ўзгорыстыя, пераважна бязлесныя. Ва ўсх. ч. шмат астравоў. На паўн. узбярэжжы залатыя капальні. Упадаюць р. Нявольніцкая, Хей і інш., выцякае р. Макензі. Гал. парты: Форт-Рэзальюшэн, Форт-Провідэнс, Йелаўнайф.
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,
дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром І (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр І вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр І з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр І правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,
масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр. Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).
Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр. рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс. чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.
Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).
Літ.:
Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;
Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПРОЦІСТАЯ́ННЕ Марса, становішча планеты Марс, калі ён відаць з Зямлі ў напрамку, процілеглым Сонцу, і пры гэтым збліжаецца з Зямлёй на мінімальна магчымую адлегласць. Пры вялікім процістаянні Марс зручны для назірання: адлегласць да яго меншая за 60 млн. км (0,4 а.а.), вуглавы дыяметр павялічваецца да 25″, бляск дасягае -2,5 зорнай велічыні. Вялікія процістаянні адбываюцца ў інтэрвале дат ад 5 ліпеня да 5 кастрычніка, калі Зямля пры сваім руху па арбіце даганяе Марс, які знаходзіцца паблізу перыгелія. На гэты інтэрвал прыпадаюць 2 вялікія процістаянні з перыядам 15,05 года і адно з перыядам 2,136 года, потым зноў 2 праз 15,05 года і г.д. Апошнія вялікія процістаянні адбыліся ў 1971, 1986 і 1988. Наступнае чакаецца ў 2003. Гл. Таксама канфігурацыі планет.
Я.У.Чайкоўскі.
т. 4, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ САЛЁНАЕ ВО́ЗЕРА
(Great Salt Lake),
бяссцёкавае салёнае возера на З ЗША, у межах нагор’я Вялікі Басейн, на выш. 1282 м. Пл. значна вагаецца ў малаводныя і мнагаводныя гады (ад 2,5 да 6 тыс. км²). Сярэдняя глыб. 4,5—7,5 м. Салёнасць ад 137 да 300%. Здабыча кухоннай і глаўберавай солі. Рэзерват Бэр-Рывер. Вялікае Салёнае возера перасякае (па дамбе даўж. каля 40 км) Ціхаакіянская чыгунка. Каля ўсх. ўзбярэжжа — гарады Солт-Лейк-Сіці, Огдэн.
т. 4, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СВІНО́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 35 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 3,44 км², даўж. 4,12 км, найб. шыр. 1,47 км, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 13,5 км. Пл. вадазбору 180 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м (на З і ПдЗ да 15 м). Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю. Дно пясчанае, глыбей за 1,5—3 м выслана глеямі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 220 м. У возера ўпадае р. Чарнец і 4 ручаі, выцякае р. Асмоціца; злучана пратокай з воз. Малое Свіно.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СВЯТО́Е,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (выцякае з возера), за 9 км на З ад г. Сянно. Пл. 0,77 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 17,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, пойма (шыр. да 200 м) забалочаная. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарасло.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ, Вялікія Сурвілішкі,
Сурвілішскае возера, возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)