САЛАЎЁЎ Уладзімір Аляксеевіч (н. 11.11.1946, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1984, 1986). Лётчык-касманаўт СССР (1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1970). З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 8.2—2.10.1984 з Л.​Дз.​Кізімам і А.​Ю.​Ацьковым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»); 13.3—16.7.1986 з Кізімам — на КК «Саюз Т-15» і АС «Салют-7» і «Мір». У космасе правёў 361,95 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 32 гадз. Кіраўнік палётаў АС «Мір», Міжнар. касм. станцыі (ад Расіі).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯ́НКА (Salsola),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.

Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Салянка звычайная.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (н. 2.12.1937, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1965). З 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (з 1976 заг. лабараторыі, з 1980 нам. дырэктара), з 1999 гал. рэдактар час. «Ахова раслін». Навук. працы па пытаннях аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля пры інтэнсіўным земляробстве, а таксама на прысядзібных участках, калект. садах і агародах.

Тв.:

Защита растений и урожай. Мн., 1988;

Вредители и болезни сада и огорода и меры борьбы с ними на дачных и приусадебных участках. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Пратасавым, В.​В.​Балотнікавай).

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’ЯНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1942 у в. Сар’я Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) р-на Віцебскай вобл. Налічвала спачатку 6 чал. (кіраўнік Б.​А.​Жук), потым далучыліся патрыёты навакольных вёсак Громаўкі (А.​А.​Воранаў), Дзегцярова (В.​І.​Аўсюк), Мушына (А.​Ф.​Ліпскі), Шунькі (П.​К.​Пілюшкін), якія рыхтавалі людзей да партыз. барацьбы. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі збор акупантамі прадуктаў харчавання, вываз насельніцтва на работу ў Германію, збіралі зброю, боепрыпасы, рабілі напады на дробныя ням. гарнізоны, арганізоўвалі засады. У сувязі з пагрозай выкрыцця падпольшчыкі (каля 30 чал.) пайшлі ў лес, дзе стварылі партыз. атрад імя Пархоменкі. У барацьбе з акупантамі загінула 11 падпольшчыкаў.

Б.​П.​Шымук.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНА́ (Сосна) Рыгор Афанасьевіч

(н. 30.4.1939, в. Шэрні Падляскага ваяв., Польшча),

бел. гісторык, краязнавец і грамадскі дзеяч у Польшчы. Магістр багаслоўя (1966). Скончыў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве (1963). Служыў святаром у бел. правасл. прыходах Беласточчыны, з 1987 настаяцель прыхода ў в. Рыбалы. Вывучае гісторыю правасл. царквы ў Польшчы, бібліяграфію ўсх. хрысціянства, польскі друк пра Беларусь. Падрыхтаваў і выдаў зб-кі дакументаў «Праваслаўная царква на Беласточчыне і адносіны да яе дзяржаўнай улады II Рэчы Паспалітай» (1991) і «Нацыянальныя і рэлігійныя справы на Беласточчыне (1944—1948) і адносіны да іх Польскай дзяржавы» (1996). Аўтар даследавання «Бібліяграфія праваслаўных прыходаў на Беласточчыне» (ч. 1—4, 1984—93), артыкулаў у рэліг. выданнях. Чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ВЫ БОР,

рабочы пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. За 16 км на ПдЗ ад Светлагорска, 126 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Жэрдзь на лініі Жлобін—Калінкавічы, на аўтадарозе, якая злучае С.Б. са Светлагорскам. 2,5 тыс. ж. (2001).

Узнік як пасёлак у 1955 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства «Васілевічы 2-я» (з 1959 «Светлагорскае»). 3.7.1959 пераўтвораны ў рабочы пасёлак.

Працуюць з-д «Светлагорсккорммаш» (філіял ВА «Гомсельмаш»), сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Сасновы Бор», акц. т-ва «Светлбытсервіс»; сярэдняя і дзіцячая муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, спарт. комплекс, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ЛА-1,

гарадзішча жалезнага веку (6—8 ст.) і эпохі феадалізму (9 — пач. 10 ст.), каля в. Свіла 1-я Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка памерам 100 × 80 м умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі. Пры раскопках знойдзены наканечнікі стрэл, скроневыя кольцы, завушніца-лунніца, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. На гарадзішчы выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з абрадам трупаспалення. Знойдзеная ў гасп. яме вял. колькасць абпаленага азімага жыта з’яўляецца самым раннім сведчаннем (9 ст.) існавання гэтай культуры на Беларусі. Комплекс асн. рэчываў дае падставы меркаваць, што гарадзішча С.-1 заснавана балцкімі плямёнамі, а пазней ператворана крывічамі ў апорны пункт пры асваенні новых зямель у Падзвінні.

В.​І.​Шадыра.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЫ́ДАЎ Уладзімір Пятровіч (7.12.1897, в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1963),

генерал-лейтэнант артылерыі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1930) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1931 служыў у ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн., Ленінградскім, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. артылерыі фронту, нам. камандуючага фронтам, камандуючы арміямі; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, баёў пад Ноўгарадам, Псковам, у Прыбалтыцы. Да 1957 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54. Адзін з аўтараў кн. «Бітва за Ленінград, 1941—1944» (1962).

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,83 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. каля 1,1 км, найб. глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 22 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 20—35 м, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. часткова разараныя. Пойма шыр. 10—15 м, на З да 200 м. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На Пн залівы. 3 астравы, агульнай пл. 1,6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей гліністае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Чэцверць, выцякае ручай у воз. Світка.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛІШЧА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,52 км², даўж. 1,73 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 4,28 км. Пл. вадазбору 76,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 4—8 м, спадзістыя, на ПдЗ і Пн выш. 14—19 м, стромкія, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. пад выганам ці разараныя. Берагі нізкія, на З і Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводная зона вузкая, у глыбакаводнай адзначаны 3 упадзіны глыб. 7,7, 11, 11,5 м. Востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)