МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Рыгор Фёдаравіч (н. 12.2.1938, в. Харошаўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1964 у БСГА (у 1987—88 заг. кафедры). Навук, працы па вет. прэпаратах і спосабах лячэння акушэрскіх і гінекалагічных захворванняў, патагенетыцы і эндакрыналогіі ўзнаўлення жывёл, біятэхнал. метадах штучнага асемянення і трансплантацыі эмбрыёнаў, арганізацыі вет. кантролю ўзнаўлення буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Послеродовые изменения в половых органах коров // Ветеринария. 1981. № 1;
Акушерство, гинекология и биотехника размножения животных. Мн., 1997 (разам з К.Дз.Валюшкіным).
т. 11, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДО́ВАЯ РАСА́,
выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз. паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.
В.І.Сапега.
т. 11, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНЖЫ́НСКІ Вячаслаў Рудольфавіч (31.8.1874, С.-Пецярбург — 10.5.1934),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). У рэв. руху з 1895. Чл. бальшавіцкай партыі (з 1903), яе ЦК (з 1927). У рэвалюцыю 1905—07 чл. ваен. арг-цыі пры Пецярб. к-це РСДРП. У 1906—17 у эміграцыі, працаваў у замежных арг-цыях РСДРП. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, першы нарком фінансаў РСФСР. У 1918—19 ген. консул РСФСР у Берліне. У 1919 нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі Украіны. Чл. Прэзідыума ВЧК (з 1919), нам. старшыні (з 1923), старшыня (з 1926) АДПУ СССР.
т. 11, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў Уладзімір Валянцінавіч (н. 16.5.1948, Масква),
бел. вучоны ў галіне трыбаматэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Калінінскі політэхн. ін-т (1971). З 1976 у Бел. ун-це транспарту (з 1989 заг. аддзела, з 1995 праф.). Навук. працы па тэхналогіі атрымання і саставу гібрыдных палімерных кампазітаў, мадэліраванні напружанага стану і цеплавога поля дэталей пры звышхуткасным слізганні. Прапанаваў тэарэт. апісанне зоны найб. напружанняў і дэфармацый метадамі канечных элементаў і канечных рознасцей; растлумачыў механізм біяхім. сінтэзу палімерных злучэнняў у паверхневых слаях валокнаў поліамідаў.
Тв.:
Триботехника электрических контактов. Мн., 1985 (разам з В.В.Кончыцам, М.К.Мышкіным).
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ЎМО́ВЫ ў фізіцы,
1) умовы, што вызначаюцца ціскам p = 101325 Па (нармальная атмасфера) і тэмпературай T0 = 273,15 К (0 °C), пры якіх аб’ём 1 моль ідэальнага газу V0 = 2,24136∙10−2 м³. Нармальнае паскарэнне свабоднага падзення прымаецца роўным gn = 9,80665 м/с2.
2) Умовы выкарыстання вымяральных прылад, пры якіх т-ра, сілкавальнае напружанне і інш. велічыні, што ўплываюць на іх паказанні, маюць нармальныя значэнні або знаходзяцца ў дапушчальных межах. Для эл. прылад за Н.ў. прымаюцца: т-ра 20 ±2 °C, сілкавальнае напружанне — названае па шкале прылады ±2%, частата ў межах 49—51 Гц.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНЫ ЗВОН»,
газета, орган Цэнтральнага саюза беларускіх культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза). Выдавалася з 10.10 да 16.12.1930 у Вільні на бел. мове. Апублікавала адозву гал. выбарчага к-та Цэнтрасаюза да выбаршчыкаў у сувязі з выбарамі ў польск. сейм і сенат восенню 1930, «Наказ» кандыдатам у дэпутаты як праграму дзеянняў. Акцэнтавала ўвагу на барацьбе за паляпшэнне сац.-эканам. становішча насельніцтва і бел. асветы ў Зах. Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы. Змясціла інфармацыю пра арышты дэфензівай вучняў Клецкай бел. гімназіі, пратэст Цэнтрасаюза супраць арыштаў работнікаў навукі і культуры ў БССР. Выйшла 7 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у эканоміцы 19 ст., які замяніў дактрыны класічнай эканам. тэорыі (т. зв. «маржыналісцкая рэвалюцыя»), У адрозненне ад кейнсіянства характарызуецца мікраэканам. падыходам да эканам. з’яў. Прадстаўнікі Н.э.т. Л.Вальрас, К.Віксель, У.Джэванс, А.Маршал, В.Парэта, Ф.Эджуарт, эканамісты Дж.Кларк, І.Фішэр (ЗША), К.Менгер (Аўстрыя) і інш. развілі інструментарый гранічнага аналізу эканомікі, падкрэслівалі значэнне дэфіцытнасці даброт для вызначэння іх цаны, заклалі агульнае ўяўленне пра сутнасць аптымальнага размеркавання рэсурсаў і інш. Ідэі тэорыі выкладзены ў кн. Маршала «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890). Н.э.т. з’явілася асновай для тэорыі эканомікі дабрабыту, эканамічнага росту тэорыі; гал. дасягненне — мадэль канкурэнтнай раўнавагі Вальраса.
т. 11, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.
т. 11, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
складаныя комплексы нуклеінавых кіслот з бялкамі. Адрозніваюць Н. ў комплексе з ДНК і РНК. Дэзоксірыбануклеапратэіды знаходзяцца ў ядрах клетак (рэчывы храмасом), мітахондрыях і галоўках сперматазоідаў. Іх бялкі з’яўляюцца гістонамі і пратамінамі (нізкамалекулярныя бялкі), размяшчаюцца ў жалабках двайной спіралі ДНК, стабілізуюць яе структуру і рэгулююць матрычную актыўнасць; звязаны з нуклеінавай к-той электрастат. узаемадзеяннем. Рыбануклеапратэіды ўваходзяць у склад рыбасом, вірусаў, інфармасом. Кожная з гэтых структур мае адну або некалькі малекул РНК і дзесяткі розных бялкоў. Вылучаныя і ачышчаныя кампаненты рыбасом і вірусаў здольныя да самазборкі і ўтварэння біялагічна актыўных сістэм (напр., інфекц. вірусаў).
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл. Карэліцкія шпалеры).
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)