ГНУ

(Connochaetes),

род каровіных антылоп атр. парнакапытных. 2 віды: гну белахвосты (С. gnou, захаваўся пераважна ў нац. парках, занесены ў Чырв. кнігу МСАП) і гну блакітны (С. taurinus). Пашыраны ва Усх., Паўд. і Паўд.-Зах. Афрыцы ў травяністых і кустовых стэпах на раўнінах. Трымаюцца статкамі.

Даўж. цела 170—240 см, хваста 80—100 см, выш. ў карку 90—145 см, маса 160—270 кг. Целасклад моцны. Ногі тонкія, шыя кароткая. Галава вялікая, морда шырокая. Вочы маленькія. Рогі ў абодвух полаў, дугападобна загнутыя ўверх. На канцы хваста і пярэдняй ч. цела доўгія валасы. Афарбоўка ад жоўта-бура-шэрай да цёмна-бурай. Нараджаюць 1, радзей 2 дзіцянят. Кормяцца пераважна травяністымі раслінамі. Акліматызаваныя ў запаведніку Асканія-Нова.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНУ́ТКІ ВАЛ,

вал, які мае малую жорсткасць на выгін і вялікую на кручэнне. Бываюць драцяныя (найб. пашыраны) і шарнірныя. Драцяныя складаюцца з уласна вала, звітага з некалькіх слаёў дроту і змешчанага ў ахоўную абалонку (браню), і наканечнікаў для далучэння да прывода і рабочага органа. Выкарыстоўваюцца ў ручных механізаваных інструментах і прыладах (напр., у бормашынах). Шарнірныя складаюцца з шарнірна-злучаных кароткіх звёнаў, змешчаных у абалонку. Выкарыстоўваюцца ў многакарпусных паравых турбінах, некаторых станках і інш.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЮС,

сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.

Да гнюсу адносяцца камары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГНЯВА́Ш»,

«Гнеўка», «Загневаны», бел. нар. танец. Муз. памер 38. Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.

Літ.:

Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.К.Зданович. М., 1931.

Ю.М.Чурко.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЯЗДО́ЎКА

(Nidularia),

род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.

Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЯЗДО́ЎНІК

(Neottia),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.

Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ

(ад манг. гов бязводнае месца),

пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтр. Азіі, на тэр. Манголіі і Кітая. Акаймавана на Пн гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на Пд — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс. км, пл. больш за 2 млн. км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны выш. 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы выш. да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вял. на Зямлі амплітудай вагання т-р (каля 85 °C; летам да 45 °C, зімой каля 40 °C). Ападкаў 70 — 200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на З ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў. Вял. Габійскі запаведнік (Манголія). Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк.

З.Я.Андрыеўская.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ Хрыстафор Якаўлевіч

(24.4.1847, С.-Пецярбург — 24.12.1919),

рускі батанік; заснавальнік школы батанікаў-крыптагамістаў. Праф. (1885). Скончыў Пецярбугскі ун-т (1871) і выкладаў у ім. Навук. працы па эколага-геагр. і сістэматыка-антагенетычным вывучэнні ніжэйшых арганізмаў (амёбападобных, водарасцей, грыбоў) і пакрытанасенных раслін. Выявіў уздзеянне рэльефу мясцовасці на геагр. пашырэнне раслін, даследаваў флору Белага м. і сумежных з ім раёнаў Паўд. Ледавітага ак. Распрацаваў адну з філагенетычных сістэм расліннага свету (1916).

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ (Gobbi) Ціта

(24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),

італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд. ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш. еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОБС (Hobbes) Томас

(5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579),

англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Т. 2. М., 1964.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)