РЭЧ у праве,
прадмет знешняга (матэрыяльнага) свету, які знаходзіцца ў натуральным стане ў прыродзе або створаны працай чалавека і з’яўляецца асн. аб’ектам у маёмасных праваадносінах. У цывільным праве Р. прызнаюцца таксама грошы і каштоўныя паперы. Р. падзяляюцца на вызначаныя родавымі прыкметамі і індывідуальна-вызначаныя, падзельныя і непадзельныя, выкарыстоўваемыя і невыкарыстоўваемыя. Адрозніваюцца таксама галоўная Р. і яе прыналежнасць (Р., якая служыць гал. Р. і звязана з апошняй агульным гасп. прызначэннем). Кожны з пазначаных падзелаў мае пэўныя юрыд. вынікі (гл. Рэчавае права).
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПЕ́НА, марскі ёрш (Scorpaena porcus),
рыба сям. скарпенавых атр. скарпенападобных. Пашырана ў Атл. ак. каля берагоў Афрыкі і Еўропы, у Міжземным і інш. морах. Маларухомая, прыдонная рыба, жыве ў прыбярэжнай зоне.
Даўж. да 31 см. Спіна і бакі з цёмнымі крапінкамі і плямамі. Бруха белаватае. На плаўніках калючкі з цёмнымі палосамі, плямамі і крапінкамі. Галава вял., з вострымі шыпамі і шматлікімі скурыстымі нарасцямі. Мае ядавітыя залозы каля спіннога плаўніка. Для С. характэрна лінька. Корміцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
т. 14, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́РАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
філагенетычна гетэрагенная група раслін, якія размнажаюцца і распаўсюджваюцца пераважна спорамі, што ўтвараюцца бясполым і палавым шляхам. Да іх адносяць водарасці і вышэйшыя С.р. (мохападобныя, дзеразападобныя, хвошчападобныя, папараці, шэраг выкапнёвых раслін), а таксама лішайнікі і грыбы. Бясполае размнажэнне грыбоў, водарасцей і лішайнікаў адбываецца рухомымі зааспорамі, нерухомымі апланаспорамі, спарангіяспорамі; палавое — ааспорамі, зігаспорамі; таксама магчыма вегетатыўнае размнажэнне (аідыі, хламідаспоры, гемы). У вышэйшых С.р. бясполае размнажэнне адбываецца спорамі, што ўтвараюцца ў спарангіях спарафітаў. С.р. проціпастаўляюць насенным раслінам — голанасенным і пакрытанасенным, што размнажаюцца і распаўсюджваюцца насеннем.
т. 15, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА ГО́РНАЙ ПАРО́ДЫ,
сукупнасць прыкмет горнай пароды, абумоўленая памерамі і формай мінер. зерняў, ступенню крышталічнасці, спосабам спалучэння крышталяў паміж сабой і з вулканічным шклом і інш.; адна з гал. дыягнастычных і класіфікацыйных прыкмет горных парод. Абумоўлена паходжаннем пароды і выкарыстоўваецца для яго вызначэння.
Паняцце сфармуляваў швейц. мінералог У.Грубенман у 1904, удакладніў і развіў сав. вучоны А.М.Заварыцкі. Вылучаюць зярністую, шклаватую, парфіравую і інш. структуры. Марфал. адзінкай структуры з’яўляецца мінер. зерне. Даследуецца пад мікраскопам у шліфах. Цесна звязана з тэкстурай горнай пароды.
т. 15, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫМУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ,
эндагенныя і экзагенныя рэчывы, што ўплываюць на рост і размнажэнне клетак. Эндагенныя С.р. — рэгулятары клетачнага цыкла, вызначаюць рост, рэгенерацыю, новаўтварэнні (пухліны) тканак або органаў. Іх уздзеянне адбываецца ў натуральных умовах і выклікаецца эксперыментальна. Да экзагенных фактараў адносяць сінт. прэпараты, рэчывы або фіз. агенты і інш. (гл. Канцэрагены). У жывёл і чалавека адрозніваюць гармоны, фактары росту, цытакіны (гл. Роставыя рэчывы); у раслін прыродныя — аўксіны, гіберыліны, цытакініны — і сінт. С.р. — індалілалейная або нафтылвоцатная к-та і інш. Гл. таксама Рэгулятары росту раслін.
т. 15, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНКАДРО́М (ад танк + грэч. dromos бег, месца для бегу),
участак мясцовасці, абсталяваны для навучання ваджэнню танкаў і інш. баявых гусенічных машын. Для Т. выбіраюць мясцовасць з разнастайным рэльефам, наяўнасцю водных перашкод, воддаль ад населеных пунктаў, дарог, ліній сувязі і электраперадач. На Т. абсталёўваюцца вучэбныя месцы і класы, камандныя пункты, якія аснашчаюцца аўтам. сістэмай кіравання і сродкамі для назірання за месцазнаходжаннем танкаў і сувязі з мі. Межы Т., небяспечныя ўчасткі і напрамкі руху-машын пазначаюцца спец. паказальнікамі, знакамі і надпісамі.
С.В.Папоў.
т. 15, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЦЮ́РТ,
сталовае плато ў межах Туранскай нізіны, ва Узбекістане і Казахстане. Размешчана паміж Аральскім м. і дэльтай Амудар’і на У, п-вам Мангышлак і б. зал. Кара-Багаз-Год на 3. Выш. да 370 м. Па краях — стромкія ўступы (чынкі) выш. 150 м і больш. Складзены пераважна з вапнякоў, мергелю, глін, пясчанікаў. Радовішчы нафты і газу. Карставыя формы рэльефу. Пакатыя ўвалы (Музбель, Карабаур і інш.) чаргуюцца з замкнёнымі паніжэннямі, масівамі пяскоў, саланчакамі. Пераважаюць гліністыя палыновыя і палынова-салянкавыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца пад пашы.
т. 16, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЯ ДЫСЦЫПЛІ́НА,
парадак ажыццяўлення фін. дзейнасці, які грунтуецца на выкананні статутаў, працоўнай, дагаворнай, разліковай і плацежнай дысцыпліны. Абавязковая для юрыд. асоб, дзярж. органаў улады, органаў мясц. самакіравання, іх службовых асоб, грамадзян. З’яўляецца аб’ектам дзярж., банкаўскага і галіновага кантролю, эканам. увагі грамадства, умовай фін. стабільнасці дзяржавы і прадпрыемстваў. Патрабаванні да Ф.д. фарміруюцца і мяняюцца ў залежнасці ад фін. і гасп. заканадаўства. Знешні кантроль за Ф.д. ажыццяўляюць; казначэйствы, падатковыя інспекцыі, падатковая міліцыя, банкі і інш. фін.-крэдытныя і судова-прававыя ўстановы, а таксама аўдытарскія службы.
т. 16, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́НКЦЫІ ЛА́ДАВЫЯ ў музыцы,
значэнне элементаў лада (гукаў у аднагалоссі, гукаў і сугуччаў у шматгалоссі). Выяўляюць муз.-сэнсавыя сувязі ў муз. тэматызме, форме музычнай на ўсіх узроўнях, а таксама суадносіны элементаў (простых і складаных) у ладавай сістэме. Найб. абагульненыя тыпы Ф.л. — устой і няўстой. У мажоры і міноры дзейнічаюць Ф.л. адмысловага роду — функцыі танальныя. Музыцы 20 ст. ўласціва абнаўленне функцыянальнасці шляхам мадыфікацыі класічнай мадэлі Ф.л. і ўтварэннем новых гукавышынных сістэм (алеаторыка, дадэкафонія і інш.) з адпаведнымі функцыямі гукаў і сугуччаў.
Т.А.Дубкова.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎБАКТЭ́РЫІ, сапраўдныя бактэрыі (Eubacteriales),
парадак бактэрый. Характарызуюцца наяўнасцю тыповых прыкмет пракарыётаў. Асн. прадстаўнікі — бацылы, псеўдамонас, спірылы, энтэрабактэрыі і інш. Пашыраны ў вадзе і глебе. Сапратрофы, некат. — паразіты раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікі інфекц. хвароб.
Аднаклетачныя, шара-, палачка- і спіралепадобныя мікраарганізмы. Абалонка клеткі трывалая. часта мае жгуцікі. варсінкі. Ёсць рухомыя і нерухомыя формы. Грамадмоўныя і грамдадатныя мікраарганізмы. Размнажаюцца дзяленнем, некат. здольныя да ўтварэння спор. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці.
І.В.Вікторчык, В.В.Нарбутовіч.
т. 18, кн. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)