УНУ́ТРАНАЕ ТРЭ́ННЕ,

1) у цвёрдых целах — уласцівасць цел неабарачальна пераўтвараць ва ўнутраную энергію (цеплату) мех. энергію, нададзеную целу ў працэсах яго дэфармавання, якія суправаджаюцца парушэннем у ім раўнавагі тэрмадынамічнай. Звязана са з’явамі няпругкасці (адхілення ад уласцівасцей пругкасці пры дэфармаванні цела ва ўмовах, калі астаткавыя дэфармацыі практычна адсутнічаюць) і пластычнай дэфармацыі. Праяўляецца, напр., у затуханні свабодных выгінальных ваганняў (т.зв. тэрмапругкі эфект) 2) У вадкасцях і газах — тое, што вязкасць.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕРАСІ́ЙСКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З,

масавая арг-цыя сялян у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі (470 мясц. арг-цый, каля 200 тыс. членаў). Створаны ў жн. 1905 у Маскве, дзейнічаў пад кіраўніцтвам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Праграма ўключала патрабаванні нацыяналізацыі зямлі, склікання Устаноўчага сходу. Быў звязаны з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў, «Працоўнай групай» у Дзярж. думе. Аднавіўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, яго кіраўніцтва падтрымлівала Часовы ўрад. Распаўся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.

т. 16, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́НА (Fontana) Даменіка (1543, Мелідэ, Швейцарыя — 1607),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, прадстаўнік ранняга барока. З 1563 працаваў у Рыме, з 1592 у Неапалі. Сярод пабудоў: Латэранскі палац у Рыме (1586—90), Палацца Рэале ў Неапалі (1600—02) і інш. Распрацаваў план рэканструкцыі Рыма, устанавіў некалькі арыенціраў-абеліскаў, у т. л. каля сабора св. Пятра (1585—87). Горадабуд. работы Ф. спрыялі станаўленню барочнай канцэпцыі Рыма як сістэмы парадных ансамбляў.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФАРАСЦЭ́НЦЫЯ,

доўгачасовая люмінесцэнцыя, працягласць якой ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх сутак пасля спынення ўзбуджэння.

У крышталефасфораў (неарган. крышталічных люмінафораў) узнікае пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак, раздзеленых у часе ўзбуджэння. Павелічэнне часу паслясвячэння звязана з захопам электронаў і дзірак рознымі «пасткамі», на вызваленне з якіх патрабуецца дадатковая энергія (напр., пры павышэнні т-ры змяншаецца час затухання Ф.). У складаных арган. малекул Ф. звязана са знаходжаннем іх у метастабільным стане.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ЗАХО́ДНЯЯ А́ФРЫКА (Afrique Occidentale Française; ФЗА),

палітыка-адм. аб’яднанне франц. калан. уладанняў у Зах. Афрыцы. Створана ў 1895—1904. Адм. цэнтр — г. Дакар. У 1958 калоніі ФЗА атрымалі статус аўт. рэспублік у складзе Франц. Супольніцтва (за выключэннем Гвінеі, якая абвясціла незалежнасць). У 1960 ФЗА спыніла існаванне, а яе б. члены Кот-д’Івуар, Дагамея (цяпер Бенін), Верхняя Вольта (цяпер Буркіна Фасо), Нігер, Маўрытанія, Малі і Сенегал сталі незалежнымі дзяржавамі.

т. 16, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАНО́ВІЧ Леў Сяргеевіч (н. 15.11.1923, в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 падрыўнік 1-й Гомельскай партыз. брыгады, з 1943 на Бел., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра ўзвода разведкі ст. сяржант Х. вызначыўся ў 1944 у час аперацыі «Баграціён» і ў 1945 у баях на тэр. Польшчы. Пасля вайны да 1983 у рачным флоце Беларусі.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАСЕ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Халасцінскае возера. У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 28 км на ПдУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 13,5 км². Схілы катлавіны амаль не выражаны, месцамі выш. да 2 м. Берагі нізкія, на У забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛТУ́РЫН Сцяпан Мікалаевіч (2.1.1857, в. Верхнія Жураўлі Кіраўскай вобл., Расія — 3.4.1882),

расійскі рабочы-рэвалюцыянер. Арганізатар (1878) і кіраўнік (з В.​П.​Абнорскім) «Паўночнага саюза рускіх рабочых». З 1879 у «Народнай волі». У лют. 1880, каб здзейсніць замах на цара Аляксандра II, учыніў выбух у Зімнім палацы (цар уцалеў), дзе працаваў сталяром. З сак. 1881 чл. Выканкома «Нар. волі». Пакараны смерцю (павешаны) за ўдзел у забойстве (сак. 1882) адэскага ваен. пракурора.

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫ́ТЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дабрадзейныя багіні, якія ўвасабляюць добры, радасны, вечна юны пачатак жыцця. У розных міфах паходжанне, колькасць і імёны Х. адрозніваюцца, але паводле найб. пашыранай версіі гэта былі 3 дачкі Зеўса і акіяніды Эўрыномы: Аглая («якая ззяе»), Еўфрасіна («дабрамысная»), Талія («квітнеючая»). Найчасцей іх уяўлялі прыгожымі аголенымі дзяўчатамі. У стараж.-рым. міфалогіі Х. адпавядалі грацыі. У пераносным сэнсе Х. — дасканалыя прыгажуні.

Харыты Мармур. 3 ст. да н.э. Кірэна.

т. 16, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛАШЫ (Hollósy) Шыман (2.2.1857, г. Сігет, Румынія — 8.5.1918),

венгерскі жывапісец. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1878—82), з 1886 кіраваў Маст. школай у г. Мюнхен. У 1896 арганізаваў калонію мастакоў у Надзьбанье (цяпер г. Бая-Марэ, Румынія). У творах адлюстроўваў рэчаіснасць Венгрыі, яе нац. своеасаблівасць, звяртаўся да прыёмаў пленэрнага жывапісу. Аўтар святочных і светлых па каларыце карцін («Абіранне кукурузы», 1885, і інш.), эскізаў да работы «Марш Ракацы» (1890—1910-я г.).

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)