ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,

літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.​Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛ АНАНІ́М (Gall Anonim),

польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен. дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам I у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.

Літ.:

Щавелева Н.И. Польские латиноязычные средневековые источники: Тексты, перевод, коммент. М., 1990.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДА (Міхаіл) (? — чэрв. 1586),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес. школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),

род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).

Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.

Гартэнзія мяцёлчатая.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,

почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).

Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.

А.​А.​Кожынава.

Гатычнае пісьмо.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),

вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.

У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.

Літ.:

Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю,

падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

Гідраўлічная здабыча вугалю: 1 — цэнтрыфуга; 2 — грохат; 3 — адстойныя бункеры; 4 — рэзервуар тэхнічнай вады; 5 — высоканапорная помпавая станцыя, 6 — гідраманіторы; 7 — драбілка; 8 — зумпф участковага вуглясоса; 9 — вуглясос гідрапад’ёму.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні вадароду з інш. элементамі. Простыя ці бінарныя гідрыды вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя інертных газаў, плацінавых металаў (за выключэннем паладыю), серабра, золата, кадмію, ртуці, індыю, талію.

Гідрыды шчолачных і шчолачназямельных (акрамя магнію) металаў — солепадобныя іонныя злучэнні. Крышт. рэчывы, устойлівыя пры адсутнасці вільгаці (напр., гідрыды літыю LiH tпл 680 °C, кальцыю CaH2 tпл 815 °C). Пры ўзаемадзеянні з вадой утвараюць шчолачы і вадарод. Гідрыды пераходных металаў і рэдказямельных элементаў (металападобныя гідрыды) светла- ці цёмна-шэрыя крышт. рэчывы з метал. бляскам, устойлівыя на паветры пры пакаёвай т-ры (напр., гідрыды тытану TiH2 мае т-ру раскладання 600—700 °C). Гідрыды неметалаў — кавалентныя злучэнні, у асн. газападобныя рэчывы (высокатаксічныя, асабліва гідрыды мыш’яку AsH3 і фосфару PH3). Моцныя аднаўляльнікі, пры 100—300 °C раскладаюцца да элемента і вадароду. Бор і крэмній утвараюць вышэйшыя гідрыды: боравадароды і сіланы. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў арган. сінтэзе і пры атрыманні металаў, як каталізатары, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў (германію, крэмнію). Гл. таксама Алюмінію злучэнні, Літыю злучэнні.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)