музей, прысвечаны жыццю і творчасці на Беларусі рас. мастака І.Я.Рэпіна; філіял Віцебскага краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 у в. Здраўнёва Віцебскага р-на, якая была набыта Рэпіным у 1892. На той час сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, 2 жылыя дамы, гасп. будынкі, невял. парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893—95 сядзібны дом перабудаваны па ўласных эскізах мастака. На працягу 1892—1904 Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Музей размешчаны ў асабняку, адноўленым па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П.П.Кракалёва. Экспазіцыйная пл. будынка музея 212 м². Пл. ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, культ.-асв. работу. 380 адзінак асн. і 850 навук.-дапаможнага фондаў (2000), якія захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, у т. л. акварэлі Рэпіна «Конік», «Афрыканскі матыў», «Запарожац», малюнкі «Вершнік страляе», «Казанне Іасафата Кунцэвіча» (1893), «Партрэт Н.Рэпінай» і «Краявід. Здраўнёва» (абодва 1895), карціна «Дэзерцір» (1917), абразы Ісуса Хрыста (1894) і Маці Божай (1895), ліст мастака А.Сапунову, кніга «Ўспаміны і пісьмы І.Я.Рэпіна» з дарчым надпісам мастака У.Аскерку, рэчы побыту з дома ў Здраўнёве, лісты Т.Дзяканавай (унучкі мастака), фотаздымкі мастака, яго родных і знаёмых, успаміны, кнігі пра Рэпіна, падарункі музею. У экспазіцыі асабістыя рэчы Рэпіна, фотаздымкі, мэбля канца 19 — пач. 20 ст., рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Здраўнёве.
Літ.:
Кичина Е.М. И.Е.Репин и Здравнево: В обретении и разлуке [2 изд]. Витебск, 1994;
Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.Я.Рэпін: Пер.зрус.Мн., 1995;
Шышанаў В. Невядомае Здраўнёва // Віц. сшытак. 2000. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПЕЙС ШАТЛ»
(англ. Space Shuttle касмічны чаўнок),
пілатуемы трансп.касм. карабель ЗША шматразовага выкарыстання; праграма яго распрацоўкі і запуску. Прызначаны для вываду касмічных апаратаў на геацэнтрычныя арбіты і аўтам. станцый на траекторыі палёту да планет, астэроідаў і камет, правядзення тэхнал. і навук. эксперыментаў і даследаванняў. Выкарыстоўваўся для дастаўкі і вяртання на Зямлю экспедыцый наведвання арбітальнай станцыі «Мір»; выконвае трансп. аперацыі па праграме стварэння Міжнар.касм. станцыі.
Стартавая маса ~2 тыс.т, даўж. 56 м. Макс. карысны груз 29,5 т пры вывадзе на арбіту вышынёй 185 км. Макс. працягласць арбітальнага палёту да 30 сут (у складзе арбітальнага комплексу). Экіпаж 2—7 чал. Выкананы па 2-ступеньчатай схеме з паралельным размяшчэннем ступеней. Пры старце (вертыкальным) уключаюцца рухавікі абедзвюх ступеней. 1-я ступень — 2 цвердапаліўныя блокі (паскаральнікі), якія пасля аддзялення, парашутнай пасадкі ў акіян і аднаўлення выкарыстоўваюцца паўторна (да 20 разоў). 2-я ступень (арбітальная) — крылатая пілатуемая; маса больш за 110 т. даўж. 37,3 м, крыло з падвойнай стрэлападобнасцю (размах 23,8 м) забяспечвае неабходныя аэрадынамічныя характарыстыкі; мае знешні скідвальны бак з вадкім палівам (адзіны аднаразовы элемент «С.ш.»); пасля сыходжання з арбіты выконвае спуск у «самалётным» рэжыме. Першы старт «С.ш.» 12.4.1981. Здзейснена 107 палётаў (2002), у т. л. арбітальных ступеней: «Атлантыс» — 24, «Дыскаверы» — 30, «Індэвар» — 16, «Калумбія» — 26, «Чэленджэр» — 10 (11-ы пацярпеў катастрофу ў час старту 28.1.1986).
У.С.Ларыёнаў.
«Спейс шатл»: 1 — знешні (падвесны) паліўны бак; 2 — памяшканне для экіпажа на арбітальнай ступені; 3 — 2-я (арбітальная) ступень; 4 — адсек карыснага грузу; 5 — цвердапаліўныя блокі 1-й ступені; 6 — асноўны вадкасны ракетны рухавік арбітальнай ступені; 7. 8 — вадародны і кіслародны адсекі бака 1.Схема палёту «Спейс шатл»: 1 — пуск; 2 — аддзяленне цвердапаліўных паскаральнікаў; 3 — парашутная пасадка паскаральнікаў у акіян; 4 — аддзяленне скідвальнага паліўнага бака; 5 — арбітальны палёт; 6 — тармажэнне арбітальнай ступені і ўваход у атмасферу; 7 — пасадка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРАЛА́»,
«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.
Прымхлівае шанаванне камянёў было не толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.
На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬЯ́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч.Рас. Федэрацыі Утворана 19.1.1943. Пл. 37,3 тыс.км². Нас. 1463 тыс.чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — Ульянаўск. Найб. гарады: Дзімітраўград, Інза, Барыш.
Рака Волга падзяляе тэр. вобласці на ўзвышанае правабярэжжа і нізіннае левабарэжжа (Заволжа). Правабярэжная ч. занята Прыволжскім узв. (выш. да 353 м), левабярэжная — спадзіста-ўвалістай раўнінай. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, мергель, мел, гаручыя сланцы, фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. рака Волга з прытокамі Свіяга, Сура, Вял. Чарамшан, Сызранка; Куйбышаўскае вадасх. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ і З шэрыя лясныя ападзоленыя. Пераважаюць лесастэпы. Лясы займаюць 25% тэр., на ПнЗ буйныя масівы дубовых лясоў з дамешкамі ліпы, клёна, на ПнУ хваёвыя бары.
У.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. Доля прам-сці і буд-ва ў валавым рэгіянальным прадукце 39,2%, сельскай гаспадаркі 3,7%, сферы паслуг 57,1%. Вядучая галіна прам-сці — маш.-буд. і металаапрацоўка: вытв-сць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, самалётаў, цяжкіх і унікальных станкоў, аўтамаб. кранаў, с.-г. машын, абсталявання для хім. прам-сці, эл.-тэхн. вырабаў. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1999) на ЦЭС і АЭС. Развіты харч. (мукамольная, крупяная, масларобная, мясная, спіртавая, піваварная), буд. матэрыялаў (цэмент, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, цэгла і інш.), лёгкая (шарсцяная, ільняная, трыкат., гарбарна-абутковая), лясная і дрэваапр.прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2 млн.га, у т. л. пасяўныя пл. 1,3 млн.га (1999). Пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, проса, грэчка) культуры. Вырошчваюць таксама тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) і кармавыя культуры. Бульбаводства і агародніцтва. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 709 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4615 км. Асн. чыгунка Казань—Ульянаўск—Сызрань, Разань—Ульянаўск—Дзімітраўград—Уфа, Пенза—Сызрань, аўтамагістраль Масква—Самара. Патэр. вобласці праходзіць нафтаправод «Дружба». Суднаходства пар. Волга. Рачныя парты: Ульянаўск, Сенгілей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́СЦІ АСО́БАГА НАЗНАЧЭ́ННЯ (ЧАН),
ваенныя атрады, якія ствараліся пры парт. арг-цыях для дапамогі сав. органам у барацьбе супраць контррэвалюцыі. Арганізацыя ЧАН адносіцца да пач. 1918, калі мясц. ўлады па сваёй ініцыятыве стваралі атрады з прыхільнікаў рэвалюцыі. Адна з форм мабілізацыі рэв. сіл для абароны сацыяліст. дзяржавы, уяўлялі сабой фарміраванні міліцэйскага тыпу. Вясной і летам 1918 ствараліся на неакупіраванай тэр. Беларусі (на У ад р. Дняпро) і дзейнічалі ў Аршанскім, Сенненскім, Гарадоцкім, Горацкім, Клімавіцкім, Чавускім і інш. паветах. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. войск (снеж. 1918 — пач. 1919) ЧАН сфарміравалі і ў інш. раёнах рэспублікі. Паводле «Інструкцыі па фарміраванні атрадаў асобага назначэння», выдадзенай ЦК РКП(б) 14.5.1919, атрады складаліся з аддзяленняў, узводаў, рот і батальёнаў. Акрамя ўдзелу ў баявых аперацыях супраць інтэрвентаў і ўнутр. контррэвалюцыі, ЧАН вялі барацьбу супраць бандытаў, дэзерціраў і інш. У ЧАН Зах. фронту на канец 1922 было 22,6 тыс.чал., у т. л. 1800 жанчын; камандуючыя А.І.Ягораў, са студз. 1922 М.М.Тухачэўскі. Найб. шматлікія ЧАН былі ў Мінску, Віцебску, Гомелі (1300—2000 байцоў), падраздзяленні ў Оршы, Магілёве (300—500), Слуцку, Бабруйску, Барысаве, Ігумене, Навагрудку, Полацку, Рагачове (150—200 байцоў). Камандуючыя ЧАН БССР: П.А.Агурэеў, Я.А.Адамовіч, М.Л.Шастакоў; Віцебскай губ. Э.Ф.Біге, Гомельскай губ. П.Ю.Пурвін, А.П.Ведзяняпін. У 1924 у сувязі з амаль паўсюднай ліквідацыяй паліт. бандытызму, узмацненнем Чырв. Арміі, стабілізацыяй міжнар. становішча дзейнасць ЧАН стала паступова згортвацца. Загадам Рэўваенсавета СССР ад 30.3.1924 пачалося іх расфарміраванне. ЧАН БССР расфарміраваны на працягу 25.6—1.7.1924.
Літ.:
Меринг Ф. Милиция и постоянное войско: Пер. с нем. М., 1923;
Прокопенко В.Н., Романов В.М. Советская милиция (1917—1920 гг.). М., 1965;
Хохлов А.Г. Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;
Мурашко П.Е. Особого назначения...: Из истории ЧОН Белоруссии, 1918—1924. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРУЗЕ́ЛЬСКІ (Jaruzelski) Войцех (н. 6.7.1923, с. Кураў Люблінскага ваяв., Польшча),
ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Польшчы. Ген. арміі (1973). Скончыў польскую пях. афіцэрскую школу ў г. Разань (СССР, 1943), Вышэйшую школу пяхоты (1947) і Акадэмію Генштаба Войска Польскага (1955) у Варшаве. З 1939 у СССР. Зліп. 1943 у Войску Польскім, што фарміравалася на сав. тэрыторыі. У чыне падпаручніка ўдзельнічаў у баях (у т. л. пад Варшавай) зням.-фаш. войскамі ў складзе 2-й пях. дывізіі імя Я.Дамброўскага; узнаг. вышэйшым ваен. ордэнам Польшчы «Віртуці Мілітары». Пасля вайны на розных камандных і штабных пасадах у Войску Польскім, у 1968—83 — міністр абароны Польскай Нар. Рэспублікі (ПНР). У 1971—89 чл. Палітбюро ЦК кіруючай Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП). У час паліт. крызісу 1980—81 прызначаны на вышэйшыя дзярж. і паліт. пасады ПНР: старшыня СМ (лют. 1981 — ліст. 1985), Ваен. савета нац. выратавання (1981—83), 1-ы сакратар ЦК ПАРП (1981—89, замест С.Кані). Па ініцыятыве Я. ў снеж. 1981 у ПНР уведзена ваен. становішча, прыпынена дзейнасць прафаб’яднання «Салідарнасць» і інш. апазіцыйных арг-цый (тлумачыў гэта пагрозай грамадз. вайны). У наступныя гады намагаўся мірнымі сродкамі захаваць сацыяліст. лад і ўладу ПАРП у Польшчы. Старшыня Дзяржсавета ПНР (ліст. 1985—ліп. 1989). Пад уплывам перабудовы ў СССР пагадзіўся на легалізацыю апазіцыі, быў ініцыятарам «круглага стала» 1989. Пасля перамогі апазіцыі на парламенцкіх выбарах 1989 прэзідэнт Рэспублікі Польшчы (ліп. 1989—снеж. 1990). Пасля адстаўкі адышоў ад паліт. дзейнасці.
Паліт. праціўнікі б. ПАРП у Польшчы патрабуюць прыцягнення Я. да суд. адказнасці за ўвядзенне ваен. становішча ў 1981 і за падаўленне войскамі стыхійнага выступлення рабочых Гданьскай верфі ў 1970. З 1994 цягнецца суд. разбор па гэтай справе. Інш. частка польскага грамадства, наадварот, лічыць гіст. заслугай Я. яго дзейнасць у 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т ВЫШЭ́ЙШАЙ ШКО́ЛЫБеларускага дзяржаўнага універсітэта.
Засн. ў 1973 як Ін-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Сучасная назва з 2000. У 2003/04 навуч.г. ф-ты: павышэння кваліфікацыі, адукац. паслуг; цэнтры (метадычнага забеспячэння навуч.-выхаваўчага працэсу вышэйшай школы; навуч. кнігі вышэйшай школы; аховы працы і прамысл. бяспекі; дзелавой адукацыі; тэхналогій кіравання бізнесам; экспертыз і прызнанняў кваліфікацый адукацыі; якасці і стандартызацыі адукацыі; Рэсп. Інтэрнет-адукацыі); аддзелы (навук.-метадычны, аспірантуры па 9 спецыяльнасцях, навучальны).
У ін-це ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі, падрыхтоўка і перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі. інш. галін нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Ін-т выконвае функцыі галаўной установы па нарматыўна-метадычным забеспячэнні якасці адукацыі ў вышэйшай школе, гуманіт. адукацыі на ўсіх узроўнях. У 2000—03 штогод выконвалася больш як 30 н.-д. работ фундаментальнага і прыкладнога характару, распрацаваны і выдадзены 35 тыповых праграм сац.-гуманіт. цыкла, больш за 50 навуч. дапаможнікаў, курсаў лекцый і манаграфій для сістэмы павышэння кваліфікацыі і ВНУ. Ін-т адыграў вядучую ролю ў распрацоўцы Канцэпцыі вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. канцэпцый пераходу на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі, развіцця сістэмы прыёму ў ВНУ, 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў і кампетэнтнасці студэнтаў. На базе ін-та рэгулярна праводзяцца міжнар., рэсп. і міжінстытуцкія канферэнцыі і семінары.
За гады існавання ін-та кваліфікацыю ў ім павысілі больш як 40 тыс.чал. У ін-це працуюць (працавалі) акад. і чл.-кар.Нац.АН Беларусі Я.М.Бабосаў, А.П.Дастанка, Ф.М.Капуцкі, У.М.Сікорскі, В.С.Сцёпін, Л.М.Сушчэня, д-ры навук Г.А.Васілевіч, Г.Ц.Кавалеўскі, А.С.Кляўчэня, А.М.Малашка, М.С.Сташкевіч, А.М.Тур і інш. Пастаянна і на аснове сумяшчальніцтва ў ін-це працуюць каля 70 выкладчыкаў, больш за 65% з іх маюць вучоныя ступені д-роў і канд.навук. Выдаюцца навук.час. «Вышэйшая школа» (з 1996) і «Рынак каштоўных папер» (з 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВОДНЫЯ І ПАЎЗУНЫ.
Герпетафауна Беларусі па колькасці відаў нешматлікая: 13 відаў земнаводных (амфібій) і 7 відаў паўзуноў (рэптылій) з 4 атрадаў. Адносіцца да Палеарктычнага падцарства. Большасць відаў характэрна для Еўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці, і толькі квакша звычайная і чарапаха балотная адносяцца да фауны вобласці Стараж. Міжземнамор’я (Міжземнаморскай падвобласці). Найбольш пашыраны: вуж звычайны, гадзюка звычайная, жабы азёрная, вастрамордая, зялёная, травяная, рапухі зялёная і шэрая, трытон звычайны, яшчаркі жывародная і порсткая. Каля 20% відаў герпетафауны Беларусі знаходзіцца на краі сваіх арэалаў з абмежаваным пашырэннем на тэрыторыі краіны, што абумоўлівае нераўнамернасць складу фауны земнаводных і паўзуноў па розных рэгіёнах Беларусі. Шэраг відаў прыстасоўваецца да існавання ў месцах, пераўтвораных чалавекам у выніку гаспадарчай дзейнасці (жабы азёрная і зялёная, рапуха зялёная, часночніца звычайная, яшчарка порсткая), іх колькасць павялічваецца ў месцах дзейнасці чалавека. Значныя тэрыторыі Беларусі асушаны і выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі, што парушае асяроддзе пражывання дзікіх жывёл. Забруджванне асяроддзя таксама вядзе да зніжэння іх колькасці. Умовай стрымлівання гэтых працэсаў з’яўляецца развіццё і адпаведны ўзровень асабліва ахоўваемых тэрыторый, прыродаахоўная аптымізацыя разнастайнай гасп. дзейнасці. Земнаводныя і паўзуны знішчаюць шкодных насякомых. Яны з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі лабараторных і папуляцыйна-экалагічных даследаванняў, шырока выкарыстоўваюцца ў мэтах біяманіторынгу і біяіндыкацыі. Большасць земнаводных і паўзуноў — корм для рыб, птушак, звяроў. Многія земнаводныя і паўзуны карысныя сельскай гаспадарцы — знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі занесены 3 віды: з земнаводных — рапуха чаротавая, з паўзуноў — мядзянка і чарапаха балотавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗОНД»,
серыя савецкіх касмічных апаратаў для вывучэння касм. прасторы і адпрацоўкі тэхнікі міжпланетных палётаў, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1964—70 запушчана 8 «З.». «З.-1», «З.-2», «З.-3» па канструкцыі падобныя на аўтаматычныя міжпланетныя станцыі «Венера-2», «Марс-1». «З.-2» выкарыстоўваўся для выпрабавання электраракетных плазменных рухавікоў, «З.-3» — для аблёту Месяца і фатаграфавання яго адваротнага боку. Запускам «З.-5» і «З.-6» упершыню вырашана праблема вяртання на Зямлю касм. апарата, які ўваходзіць у атмасферу Зямлі з 2-й касм. скорасцю. «З.-3» — «З.-8» мелі спускальны апарат і вярталіся на Зямлю. Апошняя ступень ракеты-носьбіта зкасм. апаратам выводзілася на прамежкавую геацэнтрычную арбіту, з якой стартавала да Месяца. Пасля аблёту Месяца касм. апарат вяртаўся да Зямлі з 2-й касм. скорасцю, тармазіўся, спускальны апарат аддзяляўся і рабіў пасадку ў зададзеным раёне. Разліковая працягласць аўтаномнага палёту 7—8 сут. Навук. даследаванні: фатаграфаванне Зямлі і Месяца; даследаванне радыяцыйнага стану на трасе палёту і ў калямесяцовай прасторы; біял. эксперыменты і інш.
Да арт. «Зонд». Схема палёту касмічнага апарата «Зонд-6».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.
Аб’ячэйвальныя сеткавыяР.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыяР.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. УсмоктвальныяР.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.
Бел. традыц.Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, знаставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. Зтрадыц.Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.
І.М.Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Ват.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Старажня.