ЧЭ́ШСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1547,

паўстанне ў Чэхіі супраць Габсбургаў. Выклікана падаткавым і рэліг. прыгнётам, ням. засіллем у дзяржаве; спробай Фердынанда I Габсбурга ўцягнуць чэш. саслоўі ў вайну супраць Шмалькальдэнскага саюза (аб’яднанне ням. пратэстантаў). Гал. рухальнай сілай Ч.п. былі каралеўскія гарады на чале з Прагай. Скліканы ў час паўстання чэш. сейм у сак. 1547 зацвердзіў патрабаванні саслоўяў да караля — 57 артыкулаў (рэгулярнае скліканне сейма, права свабодна выбіраць караля і інш.), выбраў з прадстаўнікоў саслоўяў правіцеля каралеўства і вярх. гетмана. У адказ войскі Фердынанда I у ліпені ўзялі ў аблогу Прагу. «Крывавы сейм» (жн. 1547) замацаваў перамогу Габсбургаў. 4 кіраўнікі паўстання пакараны смерцю, каралеўскія гарады заплацілі кантрыбуцыю, страцілі прывілеі; права на скліканне сеймаў і выбранне вышэйшых службовых асоб было замацавана за Габсбургамі.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛУШКО́Ў Рыгор Іванавіч (19.5.1899, в. Бронская Рудня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Жытоміршчыне (Украіна) у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). З 1918 у Чырв. Арміі на Усх. і Паўд. франтах. З 1926 на гасп. і парт. рабоце ў Жытомірскай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі падп. барацьбы, сакратар Жытомірскага падп. абкома ВКП(б), які каардынаваў і накіроўваў дзейнасць 12 райкомаў партыі, 75 падп. арг-цый і груп (больш за 25 тыс. чал.), 10 партыз. атрадаў. Сіламі падполля пушчана пад адхон 34 эшалоны, узарвана 18 мастоў ворага, створана 5 друкарняў і інш. 23.5.1943 арыштаваны, расстраляны гітлераўцамі. У г. Жытомір яму пастаўлены помнік.

Р.І.Шалушкоў.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЯНКО́Ў Апанас Дзмітрыевіч (22.2.1896, в. Леніна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.3.1972),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Скончыў пях. курсы (1919), Аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення каманднага саставу імя Фрунзе (1941), паскораныя курсы (1942) і Вышэйшыя курсы (1950) пры Ваен. акадэміі Генштаба. Удзельнік грамадзянскай вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Паўд.Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміі па тыле, нам. камандзіра, камандзір корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Варшаўска-Лодзінскай, Пазнанскай, Берлінскай аперацый. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам Ш. вызначылася 20.7—1.8.1944 у баях за г. Магнушаў (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́КШТЫ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму ў бас. р. Страча і захавання ў натуральным стане унікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 5603 га. Цэнтрам з’яўляюцца азёры Вял. і Малыя Швакшты, катлавіны якіх запоўнены магутнымі адкладамі высакаякасных сапрапеляў. Рэльеф нізінны, шмат балот. Лясы займаюць больш за 60% тэр.: хвойнікі (55%), драбналістыя (28%), ельнікі (17%). У Чырв. кнізе: тайнікі сэрцападобны і яйцападобны, ладдзян трохнадрэзаны, ятрышнік дрэмлік, пустапялёснік зялёны, асака птушканожкавая, марошка прысадзістая, бяроза карлікавая. У фауне 129 відаў наземных пазваночных, гняздуецца 10 відаў птушак, што ў Чырв. кнізе: чайка малая, гогаль звычайны, бугай вялікі, журавель шэры, кулон вялікі, сава балотная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАКО́ВЫЯ (Sturnidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. Паводле розных сістэм класіфікацыі 24—36 родаў, 104—111 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі, акліматызаваны ў Паўн. Амерыцы, Новай Зеландыі, на некат. акіянічных астравах. Жывуць у лесастэпах, стэпах, пустынях, лясах і інш. На Беларусі 2 віды: шпак звычайны (Sturnus vulgaris) і залётны від шпак ружовы (Pastor roseus).

Даўж. цела 17—45 см, маса 50—150 г. Апярэнне ў большасці цёмнае, карычневае або чорнае з метал бляскам, у некат. яркае, чырв., сіняе і інш. Самцы буйнейшыя за самак. Крылы завостраныя ці закругленыя. Ногі моцныя. Дзюба прамая, радзей злёгку кручкаватая Нясуць 2—9 (часцей 4) яец. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі беспазваночнымі, ягадамі, насеннем і інш. Многія добра спяваюць, могуць пераймаць галасы інш. птушак і розныя гукі.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПОР (Spohr) Людвіг (Луі; 5.4.1784, г. Браўншвайг, Германія — 22.10.1859),

нямецкі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў нямецкай скрыпічнай школы. З 1813 капельмайстар т-ра «Ан дэр Він», дырэктар опернага т-ра ў г. Франкфурт-на-Майне, з 1847 генерал-музік-дырэктар у г. Касель. Гастраліраваў як скрыпач-віртуоз. Стваральнік адной з першых рамант. опер («Фауст» паводле Ф.​Клінгера, паст. 1816). Сярод твораў: оперы (больш за 10), араторыі, 9 сімфоній (1811—50), 12 канцэртаў для скр. з арк., 34 скр. квартэты, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні (каля 100) і інш. Вынаходнік падбародніка для скрыпкі; адзін з першых увёў практыку дырыжыравання палачкай. Паўплываў на творчасць К.​Вебера, Р.​Вагнера. Аўтар «Скрыпічнай школы» (1833), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1860—61).

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЎТЭ (Staudte) Вольфганг Георг (9.10.1906, г. Саарбрукен, Германія — 19.1.1984),

нямецкі кінарэжысёр. З 1926 акцёр т-ра «Фольксбюнэ» ў Берліне. Працаваў у трупах М.​Райнгарта і Э.​Піскатара. З 1931 здымаўся ў кіно, ставіў рэкламныя фільмы. Адзін са стваральнікаў кінастудыі «ДЭФА» (1946). З 1966 праф. кінашколы ў Зах. Берліне. Яго лепшыя фільмы антыфаш. накіраванасці: «Забойцы сярод нас» (1946, у сав. пракаце «Яны не схаваюцца»), «Ратацыя» (1949, у сав. пракаце «Карычневая павуціна»), «Вернападданы» (1951, паводле Г.​Мана), «Ружы для пана пракурора» (1959, за абодва прэміі Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах), «Кірмаш» (1960), «Мужчынская кампанія» (1964) і інш. У іх спалучэнне жорсткай рэаліст. манеры і элементаў экспрэсіянісцкай стылізацыі, якая падкрэслівае неўладкаванасць чалавечых лёсаў, спустошанасць і разгубленасць людзей, якія перажылі вайну.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

празмернае павышэнне ўзроўню акустычнага шуму; адна з форм фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. крыніцы Ш.з.: транспарт, вытв. і быт. машыны, механізмы і інш.

Прыродны шумавы фон (шум лісця, дажджу) звычайна не перавышае 15—20 дБ і з’яўляецца аптымальным для псіхафіз. стану чалавека і цеплакроўных жывёл. Шумавы фон у сучасным горадзе дасягнуў узроўню прамысл. шумаў. У выніку Ш.з. прыгнечваецца ўмоўна-рэфлекторная дзейнасць і рост жывёл. Яны трацяць здольнасць да размнажэння, зніжаюцца надоі, яйцаноскасць і інш. Пастаянны шум — адзін з фактараў хвароб і заўчаснай гібелі раслін у горадзе.

З мэтай зніжэння Ш.з. ствараюцца сан.-ахоўныя зоны вакол прамысл. прадпрыемстваў, трансп. магістралі і аэрапорты выносяцца па-за межы нас. пунктаў, уздоўж магістралей устанаўліваюць шумапаглынальныя экраны, ствараюць жывыя агароджы і інш.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТ Кліменцій Пятровіч (1925, Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл. — 7.1.1969),

бел. археолаг. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1959—61 удзельнічаў у археал. экспедыцыі па даследаванні стараж. Мінска. З 1963 даследаваў гарадзішчы ранняга жал. веку на Пн Беларусі. Правёў раскопкі на гарадзішчах Кублічы, Загаваліна Ушацкага, Кастрыца Лепельскага, Урагава і Абрамава Верхнядзвінскага, Буракова (Новы Болецк) Гарадоцкага р-наў; на многіх інш. гарадзішчах правёў шурфоўку. Адкрыў і ўвёў у навук. ўжытак больш за 10 археал. помнікаў. Падрыхтаваў археал. карту паўн. Беларусі са спісам гарадзішчаў.

Тв.:

Городище Дворище // Вопросы истории и археологии. Мн., 1966;

Памятники раннего железного века на севере Белоруссии // Древности Белоруссии. Мн., 1966;

Городище Кубличи Ушачского района // Древности Белоруссии Мн., 1969.

В.​І.​Шадыра.

М.К.Шут.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.

Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)