ШВА́КШТЫ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму ў бас. р. Страча і захавання ў натуральным стане унікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 5603 га. Цэнтрам з’яўляюцца азёры Вял. і Малыя Швакшты, катлавіны якіх запоўнены магутнымі адкладамі высакаякасных сапрапеляў. Рэльеф нізінны, шмат балот. Лясы займаюць больш за 60% тэр.: хвойнікі (55%), драбналістыя (28%), ельнікі (17%). У Чырв. кнізе: тайнікі сэрцападобны і яйцападобны, ладдзян трохнадрэзаны, ятрышнік дрэмлік, пустапялёснік зялёны, асака птушканожкавая, марошка прысадзістая, бяроза карлікавая. У фауне 129 відаў наземных пазваночных, гняздуецца 10 відаў птушак, што ў Чырв. кнізе: чайка малая, гогаль звычайны, бугай вялікі, журавель шэры, кулон вялікі, сава балотная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)