АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫНЕЙТРЫ́НА (ν_ або ν~),

антычасціца нейтрына, якая адрозніваецца ад яго знакам лептоннага зараду і спіральнасцю. Мае спін ​1/2 і масу такую ж, як і маса нейтрына. Існуюць 3 тыпы антынейтрына: электроннае, мюоннае і таўоннае, якія ўдзельнічаюць у працэсах слабага ўзаемадзеяння разам з электронам, мюонам і цяжкім лептонам адпаведна.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́СТА,

пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЯСЕ́ДА АМА́ТАРАЎ РУ́СКАГА СЛО́ВА»,

літаратурнае таварыства ў Пецярбургу ў 1811—16. Створана па ініцыятыве А.​С.​Шышкова (сходы збіраліся ў доме Г.​Р.​Дзяржавіна, які сваім удзелам павялічваў аўтарытэт т-ва). Некаторыя яго члены, заўзятыя прыхільнікі класіцызму, выступалі супраць моўнай рэформы М.​М.​Карамзіна, аддаючы перавагу стараслав. мове.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГ,

рака ў Рэспубліцы Карэлія Расійскай Федэрацыі. Да ўпадзення ў Выгвозера наз. Верхні Выг. (даўж. 135 км), пасля выхаду з яго — Ніжні Выг. (даўж. 102 км). Упадае ў Белае м. двума рукавамі. Сярэдні расход вады 267 м³/с. Ніжні Выг уваходзіць у сістэму Беламорска-Балтыйскага канала. Каскад ГЭС.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙ (Gaius),

рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІД у астраноміі,

дапаможная візуальная аптычная труба. Замацаваны на тэлескопе так, што аптычныя восі яго і тэлескопа строга паралельныя. Выкарыстоўваецца пры фатаграфаванні нябесных свяціл — для перамяшчэння трубы тэлескопа ці інш. астр. прылады згодна з сутачным вярчэннем нябеснай сферы. Фотагіды аўтаматычна ўтрымліваюць відарыс нябеснага цела на фіксаваным месцы фотапласцінкі.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ЛА, Даліда,

у біблейскай міфалогіі філістымлянка, каханка стараж.-яўр. героя Самсона. Выведаўшы, што неадольная сіла Самсона ў яго валасах, усыпіла юнака, загадала астрыгчы яму валасы, а пасля выдала Самсона ворагам-філістымлянам. На міф пра Д. і Самсона напісаны карціны А.​Мантэнья, А.​Джэнтылескі, опера К.​Сен-Санса і інш.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁМІСТАСНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

велічыня, якая характарызуе супраціўленне пераменнаму току электраёмістасці ланцуга (яго ўчастка). Ё.с. сінусаідальнаму току xc=1/ωC, дзе ω — цыклічная (вуглавая) частата, C — ёмістасць ланцуга. У Міжнар. сістэме адзінак вымяраецца ў омах. Разам з індуктыўным супраціўленнем складае рэактыўнае супраціўленне, якое ўваходзіць у склад агульнага (поўнага) электрычнага супраціўлення.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МІДЖ (англ. image літар. вобраз),

1) знешні вобраз, які ствараецца суб’ектам з мэтай выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны ў іншых.

2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб’екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя адносіны. І. ўсё больш становіцца першаступеннай праблемай паліт. практыкі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)