КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ВО́ЛАТ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Васявічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,4 м, шыр. 2,5 м, выш. над паверхняй 1,5 м, глыб. залягання пад зямлёй каля 2 м, у абводзе 9,3 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

Камень-волат каля в. Васявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Клясціцы. Створана на р. Нішча ў 1959. Пл. 1,2 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,52 млн. м³. Берагавая лінія моцна парэзаная, берагі параслі лесам, вышыня берагоў у вярхоўі да 5 м, каля плаціны 10—15 м. Дно выслана пяском, слаба заілена. Ёсць дробныя астравы. Сярэдні шматгадовы сцёк у створы плаціны 226,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Клясціцкая ГЭС).

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУНО́Р (манг. сіняе возера),

Цынхай, бяссцёкавае салёнае возера ў Кітаі, ва ўсх. ч. гор Наньшань. Даўж. каля 105 км, шыр. да 65 км, пл. каля 4,2 тыс. км², глыб. да 38 м. Размешчана на выш. 3205 м, займае цэнтр. ч. Кукунорскай раўніны. Берагі слаба расчлянёныя, развіты стараж. азёрныя тэрасы (выш. да 50 м). Пясчаныя астравы. У К. упадаюць 23 ракі, найб. р. Бух-Гол утварае дэльту. З ліст. да сак. ледастаў. Багатае рыбай. Фауністычны заказнік Цынхайху.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́СЫ (ад франц. coulisse выемка) у сельскай гаспадарцы, палосы з двух ці некалькіх радкоў высокасцябловых раслін (кукурузы, сланечніка, сорга і інш.), што высяваюць у кулісным папары ці ў пасевах розных культур для назапашвання снегу або аховы пасеваў ад сухавею. Размяшчаюць К. перпендыкулярна напрамку пануючых вятроў, бо яны зніжаюць скорасць ветру і павышаюць адносную вільготнасць прыземнага слоя паветра. К. бываюць адна-, двух-, трохрадковыя ці палосныя (да 16 і болей метраў), кратныя шыр. машын, што іх апрацоўваюць.

У.​П.​Лярэднеў.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГЧЫ́НА,

лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Уздзенскім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лоша, Крывялі, Баравыя, Сенажаткі. Створана на р. Лоша ў 1967. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 5,4 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы р. Лоша. Берагі спадзістыя, дно роўнае, пераважна тарфяное, месцамі пясчанае. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,5 м. Часткова зарастае асакой, рагозам. Выкарыстоўваецца для абваднення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца адпачынку.

Ф.​М.​Ашэраў.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Лісіца,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучайка, за 18 км на У да г. Паставы. Пл. 0,85 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 5,1 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 6,25 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, разараныя. Дно мае плаўны нахіл да цэнтра, мелкаводдзе пясчанае, глыбей укрыта ілам. Зарастае каля 20% пл. возера. На З выцякае ручай у воз. Лучай.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)