ПАЛІ́ТРА (ад франц. palette пласцінка),

1) чатырохвугольная або авальная драўляная дошчачка, метал. ці фарфоравая пласцінка, дзе мастак змешвае фарбы ў час працы.

2) Падбор колераў, уласцівы творчай манеры жывапісца.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́ГА (франц. pirogue ад ісп. piragua ад карыбскага piragva),

лодка індзейцаў-карыбаў. Драўляны каркас П. абцягнуты карой дрэў ці скурамі. Назву «П.» еўрапейцы перанеслі на падобныя лодкі інш. народаў.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭМАТЫ́ЗМ (ад полі... + тэма),

прынцып пабудовы муз. твора на дзвюх ці больш муз. тэмах, якія могуць проціпастаўляцца або супастаўляцца ў працэсе муз. развіцця. Выкарыстоўваецца ў санатнай і інш. формах.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́ГЕР, швагра, швагор,

брат жонкі або муж сястры ці швагеркі. У бел. мове слова «Ш.» ужываецца з канца 16 ст., выцесніўшы тэрміны «зяць» (муж сястры) і «шурын» (брат жонкі).

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗО́ТЫКА (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),

сукупнасць характэрных асаблівасцей (прадметаў, звычаяў, прыроды, мастацтва і інш.) далёкіх ці малавядомых краін. У пераносным сэнсе — рэдкая рэч, нешта незвычайнае, вычварнае.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́Т (ад лац. aggregatus далучаны),

1) у петраграфіі сукупнасць мінер. зерняў ці іх зросткаў, якія ўтвараюць горныя пароды, руды, друзы і інш. Бывае просты — з аднаго мінералу (напр., мармур, кварцыт) і складаны — з некалькіх мінералаў (напр., граніт, сіеніт). Адрозніваюць агрэгаты цэментаваныя, рыхлыя, зямлістыя, порыстыя, шчыльныя і інш. 2) Машынны агрэгат — узбуйнены уніфікаваны (нармалізаваны) элемент (вузел) машыны, які адрозніваецца поўнай узаемазамяняльнасцю і самастойна выконвае пэўныя функцыі (напр., электрарухавік, помпа). Машыннымі агрэгатамі часам наз. фрэзерныя станкі-аўтаматы, транспарцёры і інш. 3) Сукупнасць дзвюх і болей машын ці апаратаў, якія працуюць сумесна, у адным комплексе (напр., ворны агрэгат складаецца з трактара, плугоў і барон; дызель-генератар — з дызельнага рухавіка і электрагенератара; турбакампрэсар — з турбіны і кампрэсара).

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НЫ (франц. bons),

папяровыя ці метал. знакі ў форме кароткатэрміновых даўгавых абавязацельстваў, якія выпускаюцца казначэйствамі, муніцыпальнымі органамі, фірмамі ці асобамі для часовай замены дзярж. грашовых знакаў пры іх недахопе ў абарачэнні. Бываюць боны абавязковага (дзярж. казначэйстваў, муніцыпальных органаў улады, акупацыйнай улады на занятай тэрыторыі; маюць законную сілу ў пэўным рэгіёне) і неабавязковага (прыватныя боны, выпушчаныя асобнымі прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, т-вамі, прыватнымі асобамі; маюць сілу ў падпарадкаваных эмітэнту межах) абарачэння. Першыя боны ў Расіі з’явіліся ў 1840, на Беларусі — напярэдадні паўстання 1863—64. У б. СССР боны былі ў абарачэнні да грашовай рэформы 1922—24. Б. называюць таксама папяровыя грошы, якія выйшлі з абарачэння і сталі прадметам калекцыяніравання (гл. ў арт. Баністыка).

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБЕ́НА (Verbena),

род кветкавых раслін сям. вербенавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі, таксама ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі пераважна на Палессі трапляецца дзікарослая вербена лекавая (Verbena officinalis), расце на засмечаных мясцінах каля жылля і дарог, таксама вырошчваюць 2 інтрадукаваныя віды — вербену буэнас-айрэскую (Verbena bonariensis) і гібрыдную (Verbena hybrida).

Адна- ці шматгадовыя галінастыя, залозіста-апушаныя травяністыя расліны або паўкусты. Лісце супраціўнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, зубчаста-надрэзанае ці калючкападобнае. Кветкі пераважна двухполыя, рознага колеру ў коласападобных суквеццях, сабраных у парасонападобныя шчыткі або мяцёлкі. Плод — чатырохарэшак (эрэм). Эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, лек. (гарачкапаніжальны і танізуючы сродак, выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для ўзбуджэння апетыту) і дэкар. расліны.

Вербена лекавая.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,

народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).

Дз.​С.​Трызна.

Верхнядзвінскае ткацтва. Посцілка. 1970-я г.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ (ад лац. vicarius замяшчальны), замяшчальныя віды,

блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)